УСЕБЕЛАРУСКІ ПРАВАСЛАЎНЫ ЦАРКОЎНЫ САБОР 1942 г. У МЕНСКУ

 

Удзельнікі Ўсубеларускага Праваслаўнага Сабору 1942 г. ў Менску. У цэнтры (з посахам) архіяпіскап Філафей, праваруч яго япіскап Сьцяпан, зьлева япіскап Апанас, сядзіць на падмурку з правага боку а. Хведар Данілюк.

Неадзначаныя дасюль нашай абложанай непрыяцелямі Царквою й незаўважаныя, ды няўспомненыя нашымі нядужа прыяльнымі роднай Праваслаўнай Царкве весьцьнікамі інфармацыі, а таксама нацыянальным актывам, у канцы жнівеня летась мінулі 60-я ўгодкі скліканага ў канцы жнівеня 1942-га году ў Менску Ўсебеларускага Праваслаўнага Царкоўнага Сабору - падзеі, значаньне пастановаў якое ў духовым адраджэньні нашага народу й ягоным змаганьні за незалежнасьць блізкая да вагі ў ім пастановаў Усебеларускага Кангрэсу 1917-га году, ды абвешчаньня незалежнасьці Беларускае Народнае Рэспублікі Актам 25-га Сакавіка 1918-га.
Як бо Кангрэс 1917-га году й Акт 25-га Сакавіка 1918-га ператварылі падданых царскае імпэрыі нашага краю ў дзяржаўны, наважаны на змаганьне за ягоную незалежнасьць народ, гэтак і Ўсебеларускі Праваслаўны Сабор 1942-га стаў зманваным маскоўскай і польскай цэрквамі беларускім праваслаўным вернікам крыніцай усьведамленьня роўнага зь іншымі народамі права на родную нацыянальную Праваслаўную Царкву, ды натхніў іх на далейшае змаганьне за ўжыцьцяўленьне гэтага права.
Мэта гэтага змаганьня, як і імкненьня да дзяржаўнае незалежнасьці, нажаль, дасюль не асягнутая, але бязь ейнага ўстанаўленьня на Саборы ў 1942-м годзе, яшчэ на Бацькаўшчыне, ня было-б Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы за межамі й працягу змаганьня за Ейнае ўзнаўленьне на Беларусі.
Таму гэты Сабор і павінны ушаноўваць нятолькі, як Радыё Свабода зь іроніяй называе цяперашнія беларускія “аўтакефалісты”, але й усё нашае патрыятычнае грамадзтва павінна стаць гэткімі-ж аўтакефалістамі, памятаючы, што бяз вызваленьня ад маскоўскае царкоўнае ўлады праваслаўнага насельніцтва Беларусі, якое ў ёй, усуперак нязычліўцкіх жаданьняў, усё яшчэ застаецца ў большасьці, ня будзе запраўды незалежнае беларускае дзяржавы.
Адзіны-ж шлях да гэтага духовага вызваленьня праз узнаўленьне на Бацькаўшчыне Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы, пачаткам якое й быў Усебеларускі Праваслаўны Царкоўны Сабор 1942-га году.
Згадваючы стан нашага краю й Праваслаўнае Царквы ў ім у той час, сам факт скліканьня Сабору нельга назваць інакш, як чудам.
Перш за ўсё, толькі год назад тады праз наш край пракацілася й далей на ягоных усходніх межах грымела страшэнная вайна, а ўлада над ім зьмянілася адно з аднае таталітарнае на іншую.
Праўда, новыя акупанты, як-быццам, прыхільна ставіліся да ўзнаўленьня амаль зьніштаванае бальшавікамі Праваслаўнае Царквы, але рабілі гэта з мэтай усьпленьня чуўнасьці насельніцтва да іхных жортскасьцяў й таму трымалі над гэтай, як і над іншымі дзялянкамі краёвага жыцьця моцны кантроль.
Не зважаючы, усё-ж, на вайновыя цяжкасьці й акупацыйныя абмежаваньні праваслаўныя вернікі, асабліва ўва Ўсходняй частцы Беларусі, зь вялікім уздымам паймкнуліся ўзнаўляць царкоўнае жыцьцё, хоць зь нястачы сьвятароў цяжка было гэта шырэй разгарнуць.
Нямецкі кантроль над краям неўзабаве, аднак, пачаў высьлізгвацца зь іхных рук, бо ўжо вясною 1942-га году перазімавалыя ў лясох рэшткі савецкага апарату, падмацаваныя ўцёклымі ад бязглуздых нямецкіх растрэлаў савецкімі палоннымі, што былі разьмешчаныя па гаспадарках у нашых сёлах, зарганізаваліся ў вялікія банды й пачалі зь немалымі ўдачамі нападаць на адміністрацыйныя асяродкі ды тэрарызаваць насельніцтва.
Разам з гэтым у каталіцкіх ваколіцах стварылася польская партызанка, што, больш як змаганьнем супраць немцаў займалася забіваньнем беларускага адраджэнскага актыву.
Тымчасам на ўсходнім фроньце нядужа пасьпяхова для немцаў ішлі вялікія бітвы, на якія яны, у тым ліку й зь Беларусі, сьцягвалі вялікія сілы й гэтым ачысьцілі поле на партызанцкую дзейнасьць.
Гэткім чынам, ужо ўлетку 1942-га году, вонках местаў і мястэчкаў наш край апынуўся пад крывавай уладай савецкіх і польскіх тэрарыстаў.
Няздольныя справіцца самыя, немцы, на дамаганьне беларускага актыву бараніць ад партызанцкага тэрарызму насельніцтва, улетку таго-ж году далі згоду на стварэньне Беларускае Самааховы.
Гэная згода, аднак, была няшчырая й падманная, бо пакліканым жаўнерам Самаховы яны не далі ні харчаваньня, ні вайсковае вопраткі, ані зброі й, пасьля пачатнага ўздыму, справа скончылася рашчараваньнем ды стратай спадзеву на нямецкі палітычны розум ды іхную перамогу ў вайне.
Ня гледзячы на гэта беларускі адраджэнскі актыў, сьведамы значаньня ў нацыянальным жыцьці Праваслаўнае Царквы, што абыймала абсалютную большасьць насельніцтва Беларусі, імкнуўся да ўзнаўленьня гэтае, амаль высечанае ўва ўсходняй і паслабленае ў заходняй частцы краю духовае скарбніцы ды ейнага накіраваньня на нацыянальныя рэйкі праз абвешчаньне краёвае аўтакефаліі.
Ужыцьцяўленьне гэтага намеру было няпростае й нялёгкае, бо сустракала перашкоды нятолькі зь нямецкага боку, але й, што яшчэ горш, супраціў расейскае, ці прарасейскае герархіі й часткі духавенства, ды асьцярогу сярод нацыянальна маласьведамага й запалоханага насельніцтва.
У падпалых-жа пад партызанцкі тэрор ваколіцах праз гэтую справу не даводзілася й гаварыць.
Немцаў, праўда далося ўгаварыць і пераканаць у карысьці скасаваньня некананічнага ўлучэньня Беларускае Праваслаўнае Царквы ў маскоўскую, але, каб пераадолець супраціў чужое родам, або варожае духам “cвае” герархіі й часткі духавенства спатрэбілася моцнае змаганьне.
Гэтта, якраз, і выявілася выкліканая “сацыялістычнай”, або, дакладней кажучы, няверчай хваробай нашага адраджэнскага руху ягоная нямогласьць, бо, калі пасьля першае сусьветнае вайны й павароту зь бежанства ў Заходняй Беларусі спатрэбіўся вялікі лік новых сьвятароў, на гэтую патрэбу масава адгукнуліся расейскія манархісты, ці “белагвардзейцы” ды зрусыфікаваныя пятлюраўцы, а беларускія актывісты й дзеячы гэтую нагоду згрэбавалі.
У выніку сярод праваслаўнага сьвятарства ў Заходняй Беларусі знайшліся нацыянальна сьведамыя толькі адзінкі, япіскапаў наагул ня было, а ўва Ўсходняй уся герархія й духавенства былі цалком выгубленыя.
Таму й вялікай часткай чуда частковае беларусізацыі й подштурху да аўтакефаліі Праваслаўнае Царквы ў Беларусі падчас нямецкае акупацыі быў дзейны ўдзел у гэтым руху нацыянальна актыўнае й пераважна заходня-беларускае інтэлігенцыі.
Гэты нацыянальны актыў, зарганізаваны, галоўным чынам, у Беларускай Самапомачы ды зайняўшы з большага паднямецкія адміністрацыйныя становішчы, або прызначаны на “мужоў даверу”, і рабіў дамаганьні перад немцамі, ды націск на праваслаўную герархію, каб абвесьціць аўтакефалію.
Як і трэба было чакаць, адседзелы за палякамі ў манастыры за няпрызнаньне польскае аўтакефаліі мітрапаліт Панцялейман (Ражноўскі) усялякімі спосабамі ад гэткага кроку адмаўляўся.
Пасьля працяглых і дарэмных зь ім перамоваў беларускага актыву, ды бязвыніковых нямецкіх патрабаваньняў, немцы ўрэшце 1-га чырвеня 1942-га году загадалі мітрапаліту Панцялейману пайсьці “на адпачынак” у манастыр у Лядах, а царкоўнае кіраўніцтва перайняць архіяпіскапу Філафею (Нарко).
Нажаль і гэты герарх, хоць з паходжаньня беларус, а на словах і гарачы патрыёт, працягваў супраціўляцца запраўднай беларусізацыі Царквы ды абвешчаньню ейнае аўтакефаліі.
Узноў-жа пачаліся таргі зь беларускім актывам і перамовы зь нямецкай адміністрацыяй, у якіх мэтай архіяпіскапа Філафея ды аднолькава зь ім настроеных япіскапаў Апанаса й Сьцяпана было замаруджаньне справы йз спадзевам на ейнае забыцьцё.
Нямецкая цярплівасьць, аднак, скончылася й у палове ліпеня 1942-га году Генеральны камісарыят загадаў беларускаму япіскапату неадкладна пачаць падрыхтоўку да скліканьня Ўсебеларускага Царкоўнага Сабору ды склікаць яго якнайхутчэй.
Пасьля гэтага архіяпіскапу Філафею не засталося нічога іншага, як прызначыць камісыю дзеля падрыхтоўкі сабору, хоць і тут не абыйшлося бяз спробы зь ягонага боку стварыць гэтую камісыю з прарасейска настроеных і супраць аўтакефаліі настаўленых людзей.
1-га жнівеня 1942-га году было ўрэшце атрымананае ад мітрапаліта Панцялеймана пісьмовае даручэньне архіяпіскапу Філафею склікаць сабор дзеля “афармленьня створанае мітрапалітам аўтакефаліі”.
На аснове гэтага архіяпіскап Філафей вызначыў дату сабору на 28-га жнівеня й разаслаў інструкцыі ў справе выбару дэлегатаў на гэты зьезд.
Гэтта ўзноў, з прычыны нерэальных у постсавецціх умовах, а ськіраваных супраць беларускага актыву кваліфікацыйных вымогаў, дайшло да канфлікту, які адно зь нямецкай дапамогай удалося разьвязаць.
Урэшце, аднак, усё з большага ўляглося й 30-га жнівеня, пасьля малебену ў менскай Сьвята-Прэабражэнскай саборнай царкве, Усебеларускі Праваслаўны Сабор пад старшынствам архіяпіскапа Філафея пачаў ягоную працу.
Бралі ў ім удзел з правам голасу 3 япіскапы, 65 сьвятароў і 65 прадстаўнікоў ад вернікаў.
Сабор сьпярша праслухаў выясьняльныя да справы аўтакефаліі наагул і ў асобнасьці на Беларусі зьвесты сяброў перадсаборнае камісыі ды, прадыскутаваўшы прапанову неадкладнага абвешчаньня аўтакефаліі Беларускае Праваслаўнае Царквы 128-ма галасамі супраць 3-х устрыманых гэтую прапанову ўхваліў.
Сьледам за гэтым Сабор разгледзеў і прыйняў статут Сьвятое Праваслаўнае Беларускае Аўтакефальнае Царквы, як яна тады была названая, ды зацьвердзіў тэксты лістоў да Канстантынопальскага патрыярха й галоваў усіх аўтакефальных праваслаўных цэркваў з просьбай прызнаць аўтакефалію нашае Царквы й прыйняць яе, як сястру, у малітоўную супольнасьць.
На заканчэньне Сабор прыйняў пастанову, якой забавязваў япіскапаў ПБАЦ давесьці справу аўтакефаліі да завяршэньня й спыніў ягоную працу 2-га верасьня 1942-га году.
Япіскапы, выпраўдваючыся неабходнасьцяй подпісу мітрапаліта пад лістамі ў справе прызнаньня аўтакефаліі, нажаль, ніколі іх куды трэба было ня выслалі, ды й наагул далей мала-што рабілі ў справе беларусізацыі царквы.
Пасьля-ж эвакуацыі ў 1944-м годзе ў Нямеччыну й ейнае капітуляцыі яны ў 1946-м годзе адракліся ад аўтакефаліі ды ўвайшлі ў Расейскую Зарубежную Царкву, куды іхныя сэрцы ўвесь час іх цягнулі.
Ад гэтага, аднак, менскі Сабор 1942-га году ня страціў ягонага выдатнага значаньня для будучыні нашае Царквы на Бацькаўшчыне, а, побач з Наваградзкім 1416-га, Вільнянскім 1509-га, анты-вуніяцкім берасьцейскім 1596-га ды абвесьціўшым у 1791-м годзе ў Пінску аўтакефалію Праваслаўнае Царквы ў Вялікім Княстве Літоўскім ягонымі папярэднікамі, стаў вызначальным знаком на дарозе нямінуча пераможнага змаганьня за асягненьне абвешчанае ім царкоўнае аўтакефаліі на роднай зямлі.
Ягонага значаньня не зьмяншае й ня пляміць тое, што ягоныя пастановы былі прыйнятыя пад нямецкай акупацыяй, бо кожны недзяржаўны народ, змагаючыся за ягонае вызваленьне, выкарыстоўвае ўсе спрыяльныя ягоным мэтам магчымасьці й нагоды.
Ухваленую гэтым саборам ідэю беларускае аўтакефаліі захоўвае на чужыне Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква й яна абернецца яшчэ ў запраўднасьць на Бацькаўшчыне.

Барыс Данілюк

 


Далей мы тут прапануем чытачам частку матарыялаў, што датычаць Ўсебеларускага Праваслаўнага Царкоўнага Сабору 1942-га году ў Менску.

Ул Казлоўскі. Сабор Праваслаўнай Царквы ў Менску.
Беларуская Газэта № 63, Менск, 30-га жнівеня 1942 г.

Хаця кіраўнікі розных рэлігій вызначаюць, што мэты іхніх рэлігій толькі нябесныя, аднак, як вядома з гісторыі, бадай кожная рэлігія імкнулася і імкнецца да мэтаў далёка не нябесных. Палітычныя, грамадзкія, гаспадарчыя справы былі і ёсьць у цэнтры зацікаўленьня кожнай рэлігіі.
На Беларусі здаўна дзьве галіны хрысьціянства - Праваслаўе і Каталіцтва - зьяўляюцца характэрным прыкладам палітычных мэтаў гэтых рэлігій. Як адна, так і другая былі так захоплены палітычнымі імкненьнямі, што нябесныя мэты ... былі зусім выцісьнены палітычнымі. Зусім не памыляючыся можна сказаць, што на Беларусі існавала і існуе не рэлігійнае, а палітычнае Каталіцтва і Праваслаўе.
Калі беларускае нацыянальнае сьвядомае грамадзянства з засьцярогай ставіцца да гэтых рэлігіяў, дык гэная засьцярога выплывае з таго, што тут яны зьяўляюцца фактычна палітычнымі арганізацыямі на паслугах чужынцаў. На Беларусі Каталіцкі Касьцёл дагэтуль пераважна ... знаходзіўся на паслугах польскай палітыкі, а Праваслаўная Царква - на паслугах палітыкі маскоўскай. І як з гэткімі - кожны сумленны беларускі патрыёт павінен зь імі змагацца. Тыя кіраўнікі Царквы і Касьцёлу, якія ўважаюць, што нябесныя мэты зьяўляюцца галоўнай асновай іхніх рэлігій, павінны як найхутчэй ачысьціць свае рэлігіі ад чужацкай палітыкі, шкоднай беларускаму народу. Толькі тады, калі ўсе дзеяньні рэлігіі не будуць у супярэчнасьці, а, наадварот, будуць супадаць з інтарэсамі дадзенага народу, будуць творчым нацыянальным дзейнікам гэтага народу, - толькі тады ўсё ягонае грамадзянства можа пазытыўна ставіцца да рэлігіі.
Цяпер, калі Беларусь вызвалена ад польскага і расейскага ярма, абавязак каталіцкага і праваслаўнага духавенства - назаўсёды ачысьціць свае сьвятыні ад польскай і расейскай палітыкі. У Касьцёлу ў гэтым накірунку пакуль што нічога ня робіцца, хоць як раз сярод каталіцкіх сьвятароў выявілася больш сьвядомых дзейных беларусаў, чымсьця сярод праваслаўных.
У Царкве мы наглядаем пазытыўныя дзеяньні ў гэтай справе. Афіцыйнымі коламі цывільнай і духоўнай улады абвешчана аўтакефалія Беларускай Нацыянальнай Праваслаўнай Царквы, але гэтая справа вымагае кананічнага афармаваньня. Аўтакефалію павінен абвесьціць Сабор іерархаў і выбраных прадстаўнікоў духавенства і міран.
Такі Сабор распачаўся ў Менску 28 жніўня. Хутка будзем ведаць вынікі гэтага Сабору, будзем бачыць, ці праваслаўнае духавенства і міране сапраўды хочуць пазбыцца маскоўскай палітыкі і стаць на беларускі нацыянальны грунт. Ці жадаюць застацца тым, чым былі. У вапошнім выпадку ўсё нацыянальнае і патрыятычнае беларускае грамадзянства павінна будзе варожа паставіцца да палітычнага маскоўска-расейскага Праваслаўя.
Але трэба памятаць, што самая ўхвала аўтакефаліі яшчэ не зьбеларушчыць Царкву, не зробіць яе нацыянальна-творчым дзейнікам беларускага народу. Тут павінна быць праведзена асноўнае пераўзгадаваньне ўсяго духавенства, якое ў вялікім працэньце прасякнута сымпатыямі да расейшчыны. А гэта шкодна ня толькі беларускай справе, але й справе адбудовы Новае Эўропы, таму народу, які гэтую адбудову праводзіць.
Рэч у тым, што расейцы ад бальшавіка ... да кожнага чорнасоценца-эмігранта ў душы сваёй салідарызуецца цяпер са Сталіным і гатоў разам з ім абвесьціць “Отечественную войну” тым, якія хочуць расейскі народ вызваліць ад бальшавіцка-жыдоўскага гнёту. Прадстаўнікі ... расейскіх імпэрыялістычных асяродкаў - белага ці чырвонага колеру - ніяк не могуць ацаніць усё тое, што адбываецца ў Эўропе і не могуць пагадзіцца з тым, што лятуценьні аб старой Расіі як турме народаў застануцца назаўсёды толькі іхнімі лятуценьнямі.
Беларускі народ актам 25 сакавіка 1918 г. назаўсёды парваў усе сувязі з Масквой. Гэтым актам ён прылучыўся духова да народаў Новай Эўропы.
Цяпер гэтая Эўропа перабудоўваецца. Прадстаўнік будаўнічага Новай Эўропы на Беларусі генеральны камісар гаўляйтэр Візьгэльм Кубэ не раз афіцыйна зазначаў, што Маскве ў Беларусі няма чаго сабе шукаць, бо Беларусь уваходзіць у сямью вольных народаў Новай Эўропы.
Узяўшы усё гэта на ўвагу, будзе зразумелым, што і праваслаўныя вернікі Беларусі ні ў якім выпадку не павінны залежаць ад Масквы, якая б Беларускую Царкву, як і раней, пераўтварыла б у палітычны дзейнік сваіх імпэрыялістычных імкненьняў.
Сабор у Менску пакажа, чаго хочуць прадстаўнікі праваслаўнага духавенства - ці ісьці поплеч з беларускім народам зь ягонымі імкненьнямі і імкненьнямі Новай Эўропы, ці надалей заставацца адарванымі ад народу і надалей скіроўваць ягоныя вочы на Маскву.
У такім выпадку мусіла б паўстаць безагляднае змаганьне паміж нацыянальна-сьвядомым беларускім народам і прапаведнікамі Масквы, дарма, ці яны будуць у царскіх пагонах, ці ў бальшавіцкіх зорках, ці ў царкоўных расах. Усё гэта павінны сабе добра ўгледзець кіраўнікі Праваслаўнай Царквы. Калі яны запраўды думаюць пра нябесныя справы, пра дабро праваслаўнае рэлігіі на Беларусі, дык яны павінны пайсьці за інтарэсамі беларускага народу, які скіроўвае свае вочы не на Ўсход, а на Захад, не на турму народаў, у якой гніў вякі, а на Новую Эўропу, дзе яму будзе прызначана належнае ганаровае месца ў сямьі вольных народаў.



Сабор Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Абвешчаньне аўтакефаліі Беларускае Праваслаўнае Царквы.

“Новая Дарога”. Тыднёвая газэта на Беластокскую акругу. № 28, Беласток, 4 кастрычніка 1942.

Ў нядзелю 30 жніўня ў сталіцы Беларусі - Менску сабраліся прадстаўнікі духавенства й вернікаў на Ўсебеларускі Царкоўны Сабор, каб абвясьціць незалежнасьць Беларускае Праваслаўнае Царквы й прыйняць Статут, якім павінна кіравацца Царква ў сваім самастойным жыцьці.
Перад распачацьцем Сабору а чацьвертай гадзіне па паўдні ў Спаса-Прэабражэнскай царкве адбыўся ўрачысты малебен. Архіепіскап Філафей меў прамову аб значаньні Сабору. Малебен адслужыў архіепіскап Філафей у саслужэньні епіскапа Віцебскага й Полацкага Апанаса, епіскапа Смаленскага й Бранскага Сьцяпана і шматлікага духавенства.
А пятай гадзіне архіепіскап Філафей абвесьціў Сабор адчыненым. Сакратар Сабору сьвяшчэньнік Аляксандр Апанасэвіч зачытаў сьпіс удзельнікаў Сабору. Арзіепіскап Філафей абвесьціў распараджэньне мітрапаліта Панцялеймана, які даручае яму на час свае адсутнасьці кіраваньне ўсімі справамі Беларускае Мітраполіі, скліканьне сабору і старшынстваваньне на ім”. Як старшыня Сабору архіепіскап Філафей зьвярнуўся да Сабору з прапановай паслаць Правадыру нямецкага народу Адольфу Гітлеру прывітальную тэлеграму наступнага зьместу:
“Правадыру Адольфу Гітлеру. Першы ў гісторыі Усебеларускі Праваслаўны Сабор у Менску ад імя праваслаўных беларусоў шле Вам, спадару Райхсканцлеру шчырую падзяку за вызваленьне Беларусі ад маскоўска-бальшавіцкага бязбожнага ярма, за дадзеную магчымасьць вольна арганізаваць нашае рэлігійнае жыцьцё ў форме “Сьвятой Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы” - і жадае як найхутчэйшай поўнай перамогі Вашай непераможнай зброі”.
(Тэлеграма А. Гітлеру была адным з самых цяжкіх абвінавачаньняў БАПЦ з боку атэістаў і савецкіх гісторыкаў. Але яна выглядае вельмі сьціпла ў параўнаньні зь іншым дакумэнтам - словам Маскоўскага Патрыярха Алексія на паніхідзе па І. Сталіну - творцу ГУЛАГа, забойцы мільёнаў людзей: “Великого вождя нашего народа, Иосифа Виссарионовича Сталина, не стало. Упразднилась сила великая, нравственная, общесвенная; сила, в которой народ наш ощущал собственную силу, которой он руководился в своих создательных трудах, которою он утешался в течение многих лет. Нет области, куда бы не проникал взор Великого Вождя. ... Как человек гениальный, он в каждом деле открывал то, что было невидимо и недоступно для обыкновеннаго ума. ... Его имя, как поборника мира во всем мире, и его славные деяния будут жить в веках ...”. ВК)
Сьвяшчэньнік Сеўба зачытаў прывітаньні Сабору атрыманыя ад Цэнтральнай Рады БНС, Беларускага Нацыянальнага Камітэту ў Вільні, праваслаўных беларусаў з Смаленшчыны і інш. Пасьля гэтага архіепіскап Філафей зьвярнуўся да Сабору з прамовай, у якой спыніўся на гісторыі Беларускае Праваслаўнае Царквы і на тых заданьнях, для вырашэньня якіх скліканы Сабор.
Архіепіскап Філафей у сваёй прамове падкрэсьліў, што ўсе падставы для існаваньня аўтакефаліі на Беларусі ёсьць і фактычна ўжо цяпер: Беларуская Царква існуе незалежна ад іншых Цэркваў; ёсьць іерархія, епархіі, благачыніі, прыходы. Яны засноўваюцца на ўсіх беларускіх землях. Створаныя курсы для кандыдатаў на сьвятароў, пасьвячаныя сьвяшчэньнікі й дыяканы. Усё гэта сьведчыць аб нашай незалежнасьці. Неабходна толькі аўтакефалію аформіць. “Сёньня мы тут сабраныя на сьвяты Сабор Беларускае Праваслаўнае Царквы, навязваем лучнасьць з найпрыгажэйшымі ў гісторыі Беларусі часамі XIII, XIV i XV ст. Гэта былі часы вялікае славы і росквіту Беларусі, прыгожыя часы росквіту Беларускае Царквы. Тады ўжо былі паложаны фундамэнты для яе аўтакефальнасьці, для яе незалежнасьці.
З таго часу мінула многа год, а беларускі народ і Праваслаўная царква многа перажылі розных няшчасьцяў, крыўдаў, паніжэньняў. Усё-ж, аднак, Бог Усявышні не пакідаў нашага народу і зноў даў яму магчымасьць арганізаваньня свайго жыцьця рэлігійнага, культурнага, гаспадарчага ... Беларусь вызвалена ад бальшавіцкае няволі й пачынае новае жыцьцё.
Мы сюды сабраліся, каб радзіць над справамі нашае Сьвятое Праваслаўнае Царквы, над арганізацыяй ейнае працы. Памолімся, каб Усявышні благаславіў нас і нашую працу”.
Пасьля агульнай малітвы заступнік мітрапаліта архіепіскап Філафей у асысьце епіскапаў Віцебскага й Полацкага Апанаса, Смаленскага й Бранскага Сьцяпана пачаў нарады Сабору ... архіепіскап Філафей зрабіў даклад аб працы над арганізацыяй Беларускай Праваслаўнай Царквы, якая пачалася ў 1941 г. на асновах аўтакефальнасьці, парадак сабору, ягоную мэту - выявіць волю найвышэйшых іерархаў, прадстаўнікоў духавенства й вернікаў, якой павінна быць Беларуская Праваслаўная Царква ...
На другі дзень, у панядзелак раніцай, былі прачытаны два рэфэраты: а. Балая на тэму: “Царкоўна-кананічныя асновы аўтакефаліі” і а. Кушняра “Справы аўтакефаліі на Беларусі”, у якім было падчыркнута, што ўжо ў ХІІІ, XIV, XV ст. Праваслаўная Царква на Беларусі была незалежнай, аўтакефальнай.
Пасьля паўдня і ў наступныя дні быў разгляданы праект Статуту Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы. Праект гэты, як і ўсю падрыхтоўчую працу да Сабору, падрыхтавала прадсаборная камісія ў складзе аа. Лапіцкага, Балая, Кушняра, Сеўбы і спадароў Сьвірыда, Арэхвы, Касяка.
У аснову праекта Статуту былі паложаны прынцыпы: 1) Беларуская Праваслаўная Царква зьяўляецца незалежнай і роўнай усім іншым Праваслаўным Цэрквам; 2) у ёй павінны быць беларускія нацыянальныя асновы, мовай богаслужэбнай зьяўляецца царкоўнаславянская, а мовай царкоўных казаньняў, навучаньня рэлігіі, царкоўнага ўрадаваньня павінна быць мова беларуская. Статут прадбачыць рады пры мітрапаліце і епіскапах, благачынных, пры настаяцелях прыходаў. У працы царкоўнай ён прадбачыць не кансысторскую сістэму, а сістэму выбраных управаў, г.з., ... што сяброў кансысторыі назначаюць не епіскапы, а яны выбіраюцца прадбачанымі радамі, і толькі.
Пасьля дыскусіі Статут Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы быў прыняты 2 верасьня 1942 г. Адначасна была прынята пастанова аб поўнай незалежнасьці, аўтакефальнасьці Беларускай Праваслаўнай Царквы. Гэткім чынам Беларуская Праваслаўная Царква сталася незалежнай, парвала ўсялякую лучнасьць з Масквой і ўзыходзіць на сапраўдны рэлігійны беларускі шлях.
Дзень 2 верасьня 1942 г., у якім была абвешчана аўтакефалія Беларускай праваслаўнай Царквы перойдзе ў гісторыю Беларусі як адзін з найвялікшых гістарычных дзён.



На беларускую дарогу.
“Беларуская Газэта” № 65, 6 верасьня 1942.

Дзякуючы спрыяльным дачыненьням нямецкіх уладаў да беларусаў, усе галіны нацыянальна-беларускага жыцьця паступова ўзыходзяць на беларускую дарогу. Пасьля школьніцтва, культуры і мастацтва, гаспадаркі, паліцыі самааховы і самаўраду ўзышла на беларускую дарогу і Праваслаўная Царква.
2 верасьня 1942 г. закончыўся ў Менску Праваслаўны Сабор іерархаў, прадстаўнікоў выбранага духавенства і вернікаў. Сабор зацьвердзіў аўтакефалію Беларускай Праваслаўнай Царквы. Так Праваслаўная Царква на Беларусі ... зрабілася незалежнай.Пэўнасьць жа гэтага зрабілася ў выніку тае спрыяльнае сітуацыі, якая стварылася дзякуючы вызваленьню Беларусі ад ворагаў.
З абвешчаньнем і канчальным зацьвярджэньнем аўтакефаліі Беларускай Праваслаўнай Царквы зьліквідавана тое ненармальнае палажэньне, якое было ў ёй дагэтуль. Раней Царква на Беларусі фармальна падпарадкоўвалася Маскоўскаму Мітрапаліту Сергію, стаўленіку Саветаў. /.../
Маскоўская Савецкая Царква ня толькі ... прызнала савецкі ўрад законным урадам расійскага народу, але нават урадам дадзеным Богам. Паводле словаў Маскоўскага мітрапаліта Сергія, “Царква павінна радавацца радасьцямі савецкае радзімы, сумаваць ейным сумам”. Маскоўскі мітрапаліт Сергій моліцца за перамогу саветаў над нямецкімі ўзброенымі сіламі, якія нясуць вызваленьне і запраўдную рэлігійную свабоду.
Вось у такой савецкай царкве фармальна была да нядаўна падпарадкаваная Праваслаўная Царква на Беларусі. Прыняцьцем аўтакефаліі зьліквідавана гэтае дасюляшняе парадаксальнае палажэньне ў Праваслаўнай Царкве на Беларусі. Але гэта толькі першы крок дзеля таго, каб зрабіць Праваслаўную Царкву на Беларусі творчым і нацыянальным дзейнікам беларускага народу.
Фармальнае сарваньне з Масквою ня робіць яшчэ духовага сарваньня зь ёю. Шмат старых праваслаўных духаўнікоў - гадунцоў былое Расіі - няпэўна, з укрытым болем прыймаюць аўтакефалію. Усім у менску можна было пачуць і пабачыць, як бальшыня выбраных на Сабор ... прадстаўнікоў ... гаварыла па-расейску. Гэта мог кожны пачуць не толькі на вуліцы, але й у страўні БНС, дзе яны прыходзілі на абед, і ў беларускім тэатры на канцэрце духоўных сьпеваў і г.д.
Нават ... напісаны з нагоды Сабору ў № 63 нашай газэты артыкул, у якім кляймілася маскоўшчына ў Беларускай Царкве, выяўлялася ненармальная лучнасьць гэтай Царквы с савецкім стаўленікам мітрапалітам Маскоўскім і перадказвалася вострае змаганьне з духавенствам, калі яно будзе далей арыентавацца на Маскву, - так узяў за жывое некаторых удзельнікаў Сабору, што яны нават уважылі за патрэбнае на такім вялікім гістарычным Саборы скланяць і спрагаць сьціплую асобу аўтара ўспамянёнага артыкулу, забываючыся, што гэтая палітычная справа пераходхіць іхнія саборныя кампэтэнцыі. Ніхто з вернікаў не ўважыў за патрэбнае зьвярнуць увагу і перасьцерагчы ўмяшаньне духоўных у палітычныя справы, якое заказана адпаведнымі ведамымі ўсім пастановамі нямецкіх цывільных уладаў. Гэта ўсё паказвае, як багата яшчэ трэба працы кіраўніком Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, каб пераўзгадаваць у нацыянальным беларускім духу сваіх старых духаўнікоў і некаторых пасомых.
Абвешчаньне Саборам аўтакефаліі Беларускай Царквы прынята ўсім беларускім грамадзянствам прыязна. Каталіцкая дэлегацыя ў васобах Найдзюка, Шукелойца і Васюкевіча, не баючыся сваіх неталеранцыйных каталіцкіх канонаў, прывітала Сабор пасьля ўхвалы аўтакефаліі. І мы пазытыўна ставімся да прыняцьця Аўтакефаліі Беларускай Праваслаўнай Царквой, маючы надзею, што ў будучыні яна будзе творчым элемэнтам беларускай нацыі. Ставячыся пазытыўна, мы, аднак, не глядзім на гэта праз ружовыя акуляры. Мы прадбачым, што шмат яшчэ будзе кіраўніком Аўтакефальнай Беларускай Праваслаўнай Царквы весьці кананічнага і іншага змаганьня з агэнтамі Масквы, зь іхнімі савецкімі патрыярхамі, а таксама за беларусізацыю Царквы.
У гэтым змаганьні Царква, безумоўна, будзе мець падтрыманьне беларускага грамадзянства, нямецкіх цывільных уладаў. Але адмысловай апекай ніводнае веравызнаньне на Беларусі карыстацца не можа і павінна разьлічваць толькі на свае сілы./.../
Усе веравызнаньні лаяльна працуюць разам з нямецкім кіраўніцтвам. Само сабой зразумела, што БАПЦ ужо прынцыпам нацыянальнага самасьцьвярджэньня адхіляе ўсякую апеку з боку вялікарасійскага нагляду. Таксама і тут, у галіне культаў, мае значаньне лёзунг: “Беларусы - не расейцы”.

 

БЕЛ     ENG