Юры Гарбінскі
Варшава

ГІСТОРЫЯ БАПЦ НА ЭМІГРАЦЫІ: КРЫНІЦЫ ДАСЬЛЕДАВАНЬНЯ

Як ведама, падзеі Другой Сусьветнай вайны й яе вынікі паклалі пачатак чарговай хвалі эміграцыі зь Беларусі, што доўжылася ад 1944 г. да другой паловы 1950-х гг. і мела палітычны характар. Як слушна заўважыў доктар Вітаўт Кіпель, пры выразна акрэсьленай сацыяльнай неаднастайнасьці гэтую хвалю, якую складалі сяляне, інтэлігенцыя, вайскоўцы, характарызавала "моцная беларуская нацыянальная сьведамасьць, незалежніцкая ідэалёгія й абсалютная бескампрамісовасьць да камуністычнае сыстэмы“. Паводле канфэсійнай прыналежнасьці пераважная болыпасьць эмігрантаў была праваслаўная, адна пятая ад агульнай колькасьці - каталікі, і невялікі адсотак - пратэстанты. Першапачаткова гэтая хваля эміграцыі затрымалася ў Заходняй Нямеччыне, Аўстрыі, Бэльгіі, Ангелыпчыне, Францыі. Аднак ужо на пачатку 1950-х гг. болыпасьць беларусаў-эмігрантаў з гэтых краінаў перабралася за акіян - у ЗША, Канаду, Аўстралію, а таксама ў Аргентыну. Час паказаў, што ў складаных варунках эміграцыйнага жыцьця царква й рэлігія, нягледзячы на закалоты й крызісы, сталіся для многіх важнымі фактарамі захаваньня беларускага традыцыяналізму й нацыянальнай саматоеснасьці. Галоўную ролю пры гэтым адыгралі новазарганізаваныя парафіі Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, адноўленай у чэрвені 1948 году ў Канстанцы (Нямеччына), і першыя беларускія прыходы ў грэцкай юрысдыкцыі ў ЗША й Канадзе.
Беспасярэдняя роля царквы ў штодзённым жыцьці беларускай дыяспары адлюстраваная ў рэляцыі др. Янкі Запрудніка, які, між іншым,заўважаў:
„Там, дзе была беларуская царква, людзі гарнуліся, можа, ня гэтулькі ў моц сваёй нацыянальнай сьведамасьці, колькі ў моц сваіх пэўных больш або менш рэлігійных перакананьняў. Трэба было ўзгадоўваць дзяцей, калі сем’і былі. Трэба было трымацца пэўныххрысьціянскіх абрадаў - хрысьціцца, жаніцца. I трэба памятаць, людзі ж наогул маральныя. Яны ведалі, што Царква вучыць дабру. Царква была яшчэ такім месцам таварыскіх сустрэчаў, знаёмстваў і адначасна месцам малітвы. Сыстэматычнасьць багаслужбаў забясьпечвала тое, што калі чалавекхацеў з кімсьці сустрэцца, то ў нядзелю ў царкве на службе ён абавязкова з патрэбным чалавекам мог убачыцца. (...)
Былі пэўныя маральныя й царкоўныя законы, зь якімі грамадзтва лічылася. Людзі прыслухоўваліся, што на пропаведзях гаварылі, і выконвалірэгулярны нядзельны цырыманіял”.

Царква ня проста прыцягвала кожнага, але, як заўважаў доктар Вітаўт Кіпель, спрыяла фармаваньню беларускага грамадзкага й царкоўнага актыву на эміграцыі:
“Людзі паходзілі больш-менш з аднаго краю, гаварылі на адной і той жа мове, елі тыя самыя аладкі, дранікі. У іх была культурная супольнасьць, а нацыянальная сьведамасьць магла быць і зусім нізкай. Вось жа, царква, як нэўтральны грунт, дала магчымасьць усім гэтым людзям сыходзіцца рэгулярна -раз на тыдзень, або час ад часу. Гэта была агульная база, якая не вымагала нацыянальнай сьведамасьці, але прыцягвала максымальную колькасьць людзей. (...) У такіх варунках паступова закладалася арганізацыйная аснова для беларускага грамадзка-рэлігійнага, а пры гэтым і палітычнага, і культурнага жыцьця. Усё гэта спалучалася адно ў адным.
Пакуль не было БАПЦ беларуская эміграцыя з рэлігійнага пункту гледжаньня была зусімраскіданая.АднаўленьнеБАПЦ дазволіла ўтрымаць нацыянальна сьведамую эміграцыю, бо нельга было будаваць прыходаў, арганізоўваць царкву як арганізацыйную адзінку, калі няма кіраўніцтва“.

Гісторыя БАПЦ налічвае не адно дзесяцігодзьдзе й мае пэрыяды велічы й заняпаду, дасягненьні й страты. У беларускай гістарыяграфіі, пераважна эміграцыйнай, ёсьць шэраг грунтоўных публікацыяў, прысьвечаных гэтай праблеме. Аднак і сёньня дасьледніку цяжка знайсьці аўтарытэтныя аналітычныя працы, манаграфіі, якія б дэталёва разглядалі асноўныя пэрыяды разьвіцьця ідэі аўтакефаліі праваслаўнай царквы беларускага народу, гістарычны й кананічны фундамэнт БАПЦ. Да ўсяго, ненапісаная й сама гісторыя БАПЦ. Вось чаму сёньня адной з галоўных задачаў беларускай гістарыяграфіі ёсьць навуковая распрацоўка гісторыі Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы наогул і яе эміграцыйнага пэрыяду ў прыватнасьці. Важная праблема гэткай распрацоўкі ў яе мэтадалягічным аспэкце - вывучэньне ідэі аўтакефаліі як магістральная ў разьвіцьці беларускай нацыянальна-рэлігійнай думкі ад часоў беларуска-літоўскай мэтраполіі да нашых дзён. I гэта зразумела, бо ў рэлігійна-гістарычных пошуках беларусаў ідэя аўтакефаліі беларускай царквы, як трапна заўважыў айцец Мікалай Лапіцкі, была „тым коранем, зь якога расьце дрэва нашае Царквы“.
Мэта гэтага артыкула - сыстэматызацыя крыніцаў з гісторыі БАПЦ, кароткі агляд-рэтраспэкцыя найважнейшых публікацыяў і дасьледаваньняў, якія ў болыпай ці меншай ступені закраналі праблему аўтакефаліі праваслаўнай царквы беларускага народу й асабліва эміграцыйны пэрыяд гісторыі БАПЦ.

Як жа выглядае крыніцазнаўчая база матэрыялаў з гісторыі Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы? Што зроблена ў гэтым кірунку? Якія аспэкты дзейнасьці БАПЦ знайшлі сваё адлюстраваньне ў публікацыях беларускіх і замежных дасьледнікаў? Адказаць на гэтыя пытаньні дазваляе беспасрэднае знаёмства з багатай навукова-культурнай спадчынай беларускай дыяспары й эміграцыйнымі архівамі, у першуючаргу, царкоўнымі.
Пры клясыфікацыі крыніцазнаўчай базы з гісторыі БАПЦ варта вылучыць чатыры асноўныя катэгорыі матэрыялаў: архіўныя дакумэнты; крыніцы эпісталярна-мэмуарнага характару; публікацыі ў беларускім, пераважна эміграцыйным, і іншамоўным друку (у сьвецкіх пэрыёдыках і царкоўна-рэлігійных выданьнях); манаграфічныя працы й апрацаваньні як друкаванага, гэтак і машынапіснага характару. Разгледзім болып канкрэтна кожную групу.
Першую і, бадай, найболып каштоўную катэгорыю матэрыялаў да гісторыі БАПЦ складаюць архівы царкоўных інстытуцыяў, ярархаў і сьвятарства, а таксама сьвецкіх рэлігійных дзеячаў. У гэтай групе варта вылучыць адносна добра захаваныя зборы кансысторыі й парафіяў БАПЦ у Гайлэнд-Парку, Нью-Ёрку, Кліўлэндзе (ЗША) і Таронта (Канада), а таксама багатую калекцыю арыгінальных дакумэнтаў і копіяў зь беларускіх парафіяў у Аўстраліі. Сярод іншых крыніцаў асаблівую каштоўнасьць мае калекцыя матэрыялаў епіскапату БАПЦ з часоў Другой Сусьветнай вайны, якая па волі лёсу разам з прыватным архівам уладыкі Філафея (Нарко) шчасьліва захавалася ў Нямеччыне.
Надзвычай каштоўная дакумэнтацыя пра функцыянаваньне Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы знаходзіцца ў архіве ўладыкі Васіля (Тамашчыка). Яе характар і дыяпазон надзвычай шырокія: гэта карэспандэнцыя, асьведчаньні й публікацыі ў справе аднаўленьня й дзейнасьці БАПЦ на эміграцыі ад 1949 году, пратаколы нарады япіскапаў БАПЦ. Сярод іншых матэрыялаў - дакумэнты й копіі асабістых папераў сьвятароў; пратаколы Епархіяльных Сабораў Япіскапаў і Епархіяльнай управы, дакумэнтацыя з парафіяў у ЗША й Канадзе; службовыя паперы й карэспандэнцыя ў справе ўладыкі Андрэя (Крыта); матэрыялы, зьвязаныя з арганізацыяй царкоўнага жыцьця ў Ангелыпчыне, Бэльгіі ды Аргентыне; ліставаньне з рэдакцыямі газэтаў „Бацькаўшчына“ й „Беларус“; асабістыя паперы архіяпіскапа Васіля (Тамашчыка), нататкі, накіды й фрагмэнты ягоных рэлігійных твораў; тэксты малітваўу Кангрэсе ЗША; Калядныя й Велікодныя пасланьні Сьвяшчэннага Сабору Япіскапаў БАПЦ на чужыне. Значную частку архіву складаюць эпісталярыі: карэспандэнцыя архіяпіскапа Васіля зь япіскапамі, сьвятарствам і вернікамі БАПЦ, каштоўнае ліставаньне з архіяпіскапам Сяргеем (Ахоценка), беларускімі палітычнымі й грамадзка-культурнымі дзеячамі, царкоўным сьвецкім актывам у паваеннай Заходняй Эўропе, ЗША й Канадзе; лісты да сьвятароў і рэлігійных дзеячаў у справе арганізацыі беларускага царкоўнага жыцьця ў Аўстраліі, лісты ярархаў Украінскай Праваслаўнай Царквы й Украінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы.
Ня менш вартасным выглядае й архіў уладыкі Мікалая (Мацукевіча), дзе, дарэчы, перахоўваецца багатая калекцыя матэрыялаў царкоўнага характару, некалі перасланая ярарху з Аўстраліі. Можна меркаваць, што ў гэтую „аўстралійскую“ калекцыю трапіла дакумэнтацыя з прыватнага архіву архіяпіскапа Сяргея. Галоўную частку архіву архіяпіскапа Мікалая складае карэспандэнцыя з кансысторыі Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, лісты да Епархіяльнай управы БАПЦ у ЗША, ліставаньне з архіяпіскапам Васілём і архіяпіскапам Андрэем, эпісталярыі з Ангелыпчыны й Аўстраліі. Зь іншых матэрыялаў варта адзначыць дакумэнтацыю ў справе Надзвычайнага Сабору БАПЦ (28 красавіка - 5 траўня 1983, Кліўлэнд) і некалькі важкіхтамоў, зьвязаных з судовымі справамі Царквы. У гэтак званай „аўстралійскай калекцыі“ матэрыялаў адклаліся дакумэнты з царкоўнага жыцьця парафіяў БАПЦу Аўстраліі, карэспандэнцыя архіяпіскапа Сяргея й багатае ліставаньне мітрафоннага протаярэя Міхася Шчурко. Варта адзначыць, што ўладыка Мікалай вёў працу ў сыстэматызацыі матэрыялаў да гісторыі праваслаўнай Царквы беларускага народу. Сьведчыць пра гэта ёмістая падшыўка ксэракопіяў газэтных, часопісных і кніжных публікацыяў, што зьбіралася ад пачатку 1970-х гг. На жаль, зрэалізаваць задуманую справу цалкам уладыку Мікалаю не ўдалося.
3 архіваў сьвятароў і рэлігійных сьвецкіх дзеячаў заслугоўваюць асаблівай увагі прыватныя калекцыі мітрафоннага протаярэя Васіля Кендыша (Самэрсэт, ЗША), Аляксандра Міцкевіча (Нью-Ёрк, ЗША) і Барыса Данілюка (Самэрсэт, ЗША), якія пашыраюць і ўдакладняюць дакумэнтальную базу гісторыі БАПЦ.

Другой важнай крыніцай для вывучэньня царкоўна-рэлігійнага жыцьця эміграцыі ёсьць матэрыялы эпісталярна-мэмуарнага характару: дзёньнікі, успаміны, вусныя й пісьмовыя рэляцыі. Іх, аднак, ня так багата, як хацелася б - у складанай эмігранцкай рэчаіснасьці далёка ня ўсё з напісанага захавалася й знойдзена. У гэтай катэгорыі крыніцаў трэба вылучыць успаміны архіяпіскапа Апанаса „На ніве Хрыстовай“, арыгінальны, закадаваны й адначасна шмат у чым супярэчлівы дзёньнік архіяпіскапа Васіля, успаміны Віктара Войтанкі-Васілеўскага „50 год Аўтакефаліі“, а таксама некалькі сшыткаў дзёньнікавых запісаў уладыкі Мікалая. Кожная з гэтых крыніцаў не пазбаўленая суб’ектыўнасьці ў ацэнках тых або іншых падзеяў, фактаў, учынкаў розных асобаў - як сьвятароў, гэтак і вернікаў. 3 гэтае прычыны шырокае выкарыстаньне ўспамінаў, дзёньнікаў, карэспандэнцыі, пісьмовых і вусных рэляцыяў, іншых крыніцаў такога кшталту пры адсутнасьці арыгінальных дакумэнтаў заўсёды будзе рабіць больш складаным аб’ектыўнае асьвятленьне й аналіз вострых і супярэчлівых момантаў у гісторыі БАПЦ на эміграцыі, зьвязаных з царкоўнымі закалотамі ці судовымі працэсамі 1960-1980-х гг. I разам з тым, кожная з гэтых крыніцаў пасвойму непаўторная, важная й для разуменьня спэцыфікі царкоўнарэлігійнага жыцьця на эміграцыі, і для асэнсаваньня гісторыі БАПЦ. Іншая катэгорыя матэрыялаў - манаграфічныя працы й дасьледаваньні абагульняльнага характару. Сярод іх вылучым наступныя аналітычныя публікацыі й крыніцы інфармацыйна-кампілятыўнага пляну.

1. Мгр. А. М. [Мартас А.] Матар’ялы да гісторыі Праваслаўнае Беларускае Царквы. (Пэрыяд савецкай і нямецкай акупацыі Беларусі.) Нямеччына, 1948.- 138 с.
2. М. Л. [Лапіцкі М., а.] Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква // Царкоўны Сьветач. №2. Саўт Рывэр, сьнежань 1951 -люты 1952. С. 5-8; 1952. №2 (3). С. 5-9; 1953. №1 (4). С. 3-8; 1954. №1 (5). С. 7-10; 1955. №1 (6). С. 5-11.
3. Гарошка Л., а. Ерархія і некаторыя важнейшыя статыстычныя даныя аб Праваслаўнай Царкве ад Першае Сусьветнае Вайны да нашых дзён (1950). Парыж, 1950. - 51 с.
4. [Гарошка Л., а.] Храналёгія да гісторыі Хрысьціянства на Беларусі.Парыж, 1952.- 24с.
5. Касяк I. 3 гісторыі Праваслаўнай Царквы беларускага народу. Нью-Йорк, 1956.- 190с.
6. [Рэлігійны стан на Беларусі]. Нью Ёрк: БІНІМ, 1957. [Б. п.] Зборнік артыкулаў у ангельскай і беларускай мовах пра стан рэлігіі ў Беларусі.
7. Волаціч М. [Пануцэвіч В.] Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква (БАПЦ). Чыкага, 1957. - 104 с. (манускрыпт).
8. Пануцэвіч В. Матар’ялы да гісторыі БАПЦарквы. Сшытак 2. [ЗША], 1957. [Б.п.]
9. Даведкі з гісторыі аўтакефаліі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Мэльбурн, 1960. - 9 с.
10. А. М. [Яцкевіч М., а.] ,Адзіны ратунак“. Аўтакефалія Сьвятое Беларускае Праваслаўнае Царквы. Мэльбурн, 1960. - 9 с.
11. Афанасий, Архиепнскоп. Беларусь в исторической государственной
и церковной жизни. Книга в трёх частях. Буэнос-Айрес, 1966. -
292С.
12. Вініцкі А. Матар’ялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939-1951 гадах. Ч. II: Рэлігійныя справы. Лос Анжэлес,
1968. - 119 с, дадаткі; Выд. 2: 1994.
13. Лапіцкі М. Праваслаўе ў Вялікім Княстве Літоўскім за часоў панаваньня Уладыслава Ягайлы. Нью Ёрк, 1978. - 152 с.
14. Збор дакумантаў Сьв. Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы (на выгнаньні). [Аўстралія], 1983. - 193 с. Падрыхтаваны пры ўдзеле мітрапаліта Андрэя й пад рэдакцыяй кансысторыі БАПЦ.
15. Манькоўскі П. 1000 гадоў Хрысьціянства ў Беларусі. Нью Ёрк, 1988.- 26с

3 англамоўных працаў беларускіх дасьледнікаў заслугоўваюць увагі публікацыі Надзеі Тэадаровіч (Абрамавай) The Belarussian Autcephalous Orthodox Church і архіяпіскапа Васіля The Holy Byelorussian Autocephalic Orthodox Church, а таксама артыкул амэрыканскага славіста Томаса Бэрда Orthodoxy in Byelorussia: 1917-1980.
Чацьвёртую й апошнюю катэгорыю ў нашай клясыфікацыі крыніцаў з гісторыі БАПЦ складаюць публікацыі ў беларускім эміграцыйным і айчынным пэрыядычным друку (у сьвецкіх пэрыёдыках і царкоўна-рэлігійных выданьнях): газэтах, часопісах, царкоўных календарах і г. д.. Умоўна іх можна падзяліць на чатыры падгрупы. Да першай трэба аднесьці нарматыўныя царкоўныя тэксты (Велікодныя й Калядныя Пасланьні). Другую складаюць публікацыі інфармацыйнага характару: звароты й заклікі ярархіі БАПЦ, весткі пра стварэньне парафіі, сястрыцтва, царкоўнага хору, пра першую багаслужбу ў беларускай мове, пра рэлігійныя ўрачыстасьці або прыезд высокапастаўленай духоўнай асобы, пра ўрачыстыя сакавіковыя набажэнствы ў Нью-Ёрку, Нью-Брансўіку, Чыкага, Кліўлэндзе, Дэтройце ды ў беларускіх парафіях грэцкай юрысдыкцыі ў Саўт-Рывэры, Чыкага (ЗША) і Таронта (Канада), пра новы іканастас, харугвы. Да гэтай падгрупы датычаць таксама нэкралёгі. Такія рэляцыі, паведамленьні й камунікаты звычайна публікаваліся ў газэтных ці часопісных рубрыках „3 царкоўнага жыцьця“, „3 нашага жыцьця“, „Зь беларускага жыцьця“5. Багатую падгрупу складаюць аглядныя артыкулы з працы царкоўных сабораў, жыцьця парафіяў БАПЦ у ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Бэльгіі, Аўстраліі6 і гэтак званыя „юбілейныя“ публікацыі, зьвязаныя з асобамі й падзеямі з гісторыі праваслаўнай царквы беларускаганароду.
Асабліва каштоўныя матэрыялы - праблемна-аналітычныя артыкулы, прысьвечаныя, сярод іншага, пытаньню рэформы й перакладу багаслужбы ў беларускую мову. Сярод іх найперш прыгадаем сэрыю публікацыяў у газэце „Бацькаўшчына“, што пры канцы 1950-х гг. запачаткавала дыскусію ў справе беларусізацыі БАПЦ. Сутнасьць і асноўныя кірункі гэтае дыскусіі акрэсьленыя наступнымі яе аспэктамі:

1) рэлігійныя сьвятыні ў праваслаўнай царкве беларускага народу:
- нацыянальны характар і форма крыжа (крыж Сьв. Эўфрасіньні-Прадславы як уласнабеларускі);
- культ іконы БожайМаці;
- культ беларускіх нацыянальных сьвятых;
- нацыянальны характар царкоўнай архітэктуры (іканастас, нутраны й вонкавы выгляд царквы, яе назва);
2) нацыянальны характар і зьмест багаслужбаў:
- пытаньне рэформы й перакладу багаслужбы ў беларускую мову;
- пераклад царкоўных тэкстаў (Апостал, Эвангельле, Ойча Наш, Верую)
- пераклад літургіі;
- пытаньне беларускага царкоўнага пяяньня й музыкі (уласнабеларускія царкоўныя кампазыцыі й рэлігійныя песьні; стварэньне Беларускага Абіходу-Васьмігалосьніка);
3) нацыянальныя звычаі й іх культывацыя ў царкоўным жыцьці на эміграцыі;
4) справа календара (стары й новы стыль):
- стары каляндар як „тормаз разьвіцьця“ нацыянальнага й рэлігійнага жыцьця;
5) царкоўна-рэлігійны друк і пэрыядычныя выданьні:
- друкаванае слова як фактар нацыянальна-рэлігійнага выхаваньня;
6) патрэба стварэньня царкоўных арганізацыяў (брацтваў і сястрыцтваў) і іх роля ў захаваньні беларускай нацыянальна-рэлігійнай тоеснасьці;
7) праблема пераадоленьня кансэрватызму ў справе беларусізацыі царкоўна-рэлігійнага жыцьця на эміграцыі ў шэрагах ярархаў і сьвятарстваБАПЦ.

Варта заўважыць, што ўсе згаданыя аспэкты дыскусіі ня страцілі сваёй актуальнасьці ў сучасным рэлігійным жыцьці й на эміграцыі, і на бацькаўшчыне. Асобныя зь іх, як прыкладам, пытаньне рэформы й перакладу багаслужбы ў беларускую мову, знайшлі свой далейшы разгляд на старонках газэты „Беларус“ ў 1980- 1990-х гг.
Дыскусія на старонках газэты „Бацькаўшчына“ ў справе беларусізацыі царквы выходзіла далёка за межы дзейнасьці самой БАПЦ. Яна акцэнтавала ўвагу на праблеме беларусізацыі ўсяго царкоўна-рэлігійнага жыцьця на эміграцыі, акрэсьліла яе шматаспэктны характар і маштабы. Абумоўлена гэта было стратэгічнай мэтай аднаўленьня нацыянальна-рэлігійнага жыцьця на эміграцыі, якую вельмі трапна й выразна сфармуляваў, між іншым, адзін з удзельнікаў вышэй згаданай дыскусіі:

„Ідэя царкоўнай ірэлігійнай незалежнасьці вяжацца непадзельна з нацыянальнай незалежнасьцяй кожнага народу, а паняволенага ў асаблівасьці. Змагацца толькі за палітычную й гаспадарчую незалежнасьць свайго народу, а заставацца ў царкоўнай, духовай залежнасьці ад сваіх палітычных і нацыянальных ворагаў - гэта ніякае змаганьне. (...) Незалежнасьць палітычная й нацыянальная мусіць вырастаць з душы народу, з духовай, псыхічнай, культурнай, моўнай, абрадавай, звычаёвай і г. д. незалежнасьці чалавека, зь ягонага маральнага складу, да якога ворагу дабрацца ня так лёгка. I вось царква, якзапраўдная выхавальніца чалавека, мае вытварыць гэткі маральны склад чалавека пры дапамозе сваіх выхаваўчых сродкаў“.

 

ЗАПІСЫ БЕЛАРУСКАГА ІНСТЫТУТУ НАВУКІ і МАСТАЦТВА № 28/2004

 

БЕЛ     ENG