21.     Вялікдзень, 1965     Год 11


БОЖАЙ МІЛАСЬЦЮ
СЬВЯШЧЭННЫ САБОР ЕПІСКАПАЎ БЕЛАРУСКАЕ АЎТАКЕФАЛЬНАЕ ПРАВАСЛАЎНАЕ ЦАРКВЫ НА ЧУЖЫНЕ

Да ўсечэснога Духавенства, прэпадобнага Манаства, і ўсіх багалюбівых вернікаў нашых на Чужыне й на Бацькаўшчыне прабываючых
ВЯЛІКОДНАЕ АРХІПАСТЫРСКАЕ ПАСЛАНЬНЕ

„Але ХРЫСТОС УВАСКРОС із мертвых,
першым сярод памершых стаўся".
(1 Кар. 15, 20).

УЛЮБЛЕНЫЯ ДЗЕЦІ НАШЫЯ!
Зь вялікае Ласкі Госпада Міласэрнага мы зноў дачакаліся Вялікага Дня — Уваскрасеньня Хрыстовага. I Мы, як вашыя Архіпастыры, зьвяртаемся да вас, як духовных дзяцей сваіх, з словамі міру-супакою й любові, „каб радасьць вашая была поўная" (1 Іо. 1, 4). Бо-ж, як усклікае сьв. Іоан Златавусны ў гэты Вялікі Дзень: ХРЫСТОС УВАСКРОС, і ўпалі дэманы! ХРЫСТОС УВАСКРОС, і радуюцца ангелы й людзі!
Так, у гэты „урачысты й слаўны Дзень" усё кліча нас да радасьці. Першым словам Спасіцеля нашага пасьля Ягонага Уваскрасеньня было слова радасьці: РАДУЙЦЕСЯ! сказаў Ён Жонам Міраносіцам недалёка Гробу Яго (Мц. 28, 9). Ад таго часу нашая сьв. Праваслаўная Царква натхнёна прамаўляе да нас: Увайдзеце ў радасьць Госпада свайго! Запраўды, як нам не радавацца, калі ў гэты Вялікі Дзень мора дабрадзействаў Божых сплыло на нас! Як нам не весяліцца, калі ўрачыстасьць гэтая ёсьць пачаткам таго: „Чаго ня бачыла вока, і ня чула вуха, і што не ўваходзіла ў сэрца чалавека, тоэ Бог прыгатаваў для тых, што любяць Яго" (1 Кар. 2, 9).
Бо як Хрыстос памер у нашым людзкім целе, так і Уваскрос у гэтым целе, але ўжо перамененым, адухоўленым. I гэта Ён у свой час зробіць з целам кожнага з нас, паводля слова сьв. Апостала Паўла: „Ён ператворыць паніжанае цела нашае так, каб яно сталася падобным да Цела Славы Яго" (Філ. 3, 21). Падобным, гэта значыць годным быць у Сьвятле гэтае Ягонае Славы.
Таму Мы клічам вас: гляньце на Уваскросшага Хрыста ў Славе, і — РАДУЙЦЕСЯ! Радуйцеся ўсе вы, дзеці шматпакутнага Беларускага Народу! Усе, дзе бы вы ня былі: дома, ці ў вязьніцах, на катаргах і высылках у цемры бязбожнае няволі, ці на выгнаньнях. Усе узносьце вочы душаў вашых да Хрыста ў Славе, і ўсе разам натхнёна й урачыста сьпявайце: ХРЫСТОС УВАСКРОС із мертвых, сьмерцю сьмерць паканаў і нам жыцьцё вечнае дараваў! Няхай гэты гімн Боскае й нашае перамогі лунае ўсюды, дзе толькі сэрца беларускае прабывае! Няхай гэтая песьня Уваскрасеньня натхніць, узмоцніць, ажывіць і злучыць усіх вас у адну дружную, брацкую, Богу мілую сямейку, поўную супакою, радасьці й любові ў Духу Хрыстовым, пад кіравецтвам вялікага Дару Божага нам: нашае любае, роднае, сьвятое Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы, як духовае Маці нашае!
Бо, вось, у Пятніцу й Суботу ўсе ворагі Хрыстовыя, на чале з самым шатанам радаваліся, што Праўду Божую ўжо пахавалі й запячаталі ў Гробе, а тымчасам у Нядзелю раненька ўжо Ангел абвесьціў Жонам Міраносіцам: „Што вы шукаеце жывога між памершымі? Яго няма тут: Ён УВАСКРОС!" (Лк. 24, 5-6). Вось так Хрыстос зло, цемру, пекла-сьмерць перамог! Ніякія ворагі, навет сам шатан, не змаглі пахаваць Праўды Божае! Яна Уваскрэсла!
Таму, хоць наш любы Беларускі Народ усё яшчэ перажывае сваю галгофу й ляжыць запячатаны ў гробе пакутаў, і хоць па ўсім сьвеце цяпер шалеюць ворагі Хрыстовыя, на чале з тым самым шатанам, ня трэба ўпадаць у роспач, ці траціць надзею: Хрыстос, як Бог, вечна той самы, і тая самая Праўда Яго! Толькі цьвёрда веруйце ў Яго, і прыйдзе наш Трэйці Дзень! Праўда Хрыстовая неўзабаве затрыумфуе: праміне зло, цемра, бязбожная няволя й у нашай любай Беларусі! I наш Беларускі Народ устане з гробу свайго, уваскрэсьне да новага, вольнага й шчасьлівага жыцьця, бо й для гэтага Хрыстос памер і Уваскрос!
Таму радуйцеся! Абымайце й цалуйце адзін аднаго, натхнёна вітайце: ХРЫСТОС УВАСКРОС! — ЗАПРАЎДЫ УВАСКРОС! Часоў Божых мы ня ведаем, але ведаем тое, што Гасподзь Міласэрны ўзнагараджае нас на ўчынках нашых. Таму, калі мы люоім Бога й Спаса нашага, і свой народ, то пастараемся, каб асабліва ў гэтыя Вялікія Божыя Дні ў душах і сэрцах нашых ня было ніякае варожасьці, ці іншага зла, а толькі адно: Нябесная Любоў Хрыстовая! Тады Ласка Яго будзе з намі, і наш Беларускі Народ хутчэй затрыумфуе.
I з гэтаю Вераю й Надзеяй натхнёна вітаем вас, усечэсныя Айцы, любыя Браты й Сёстры, і ўвесь наш Беларускі Народ зь Вялікім, Сьветлым і Радасным Сьвятам, трыумфам Неба й зямлі, бязьмежнаю Любоўю Божай да нас: УВАСКРАСЕНЬНЕМ ХРЫСТОВЫМ, ВЯЛІКАДНЕМ! Радуйся Беларускі Народзе! Натхнёна сьпявай хвалу Госпаду: ЗАПРАЎДЫ ХРЫСТОС УВАСКРОС! Уваскрэсьне й нашая Праўда! Уваскрэсьне й нашая любая Бацькаўшчына Маці-Беларусь!
Ласка й Мір Госпада нашага Ісуса Хрыста, Любоў Бога й Айца, і Прычасьце Сьвятога Духа няхай будзе з усімі вамі. АМІНЬ.

СЬМІРЭННЫ АРХІЕПІСКАП СЕРГІЙ
Глава Сьвяшчэннага Сабору Епіскапаў
Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае
Царквы

СЬМІРЭННЫ АРХІЕПІСКАП ВАСІЛІ
Сакратар Сьвяшчэннага Сабору Епіскапаў
БАПЦ на Чужыне.

Дана Году Божага 1965
месяца красавіка
Аўстралія-Амэрыка.


МАЛІТВА
Яго Высокапрэасьвяшчэнства Уладыкі Васілія, прачытаная ім у Сэнаце ЗША з нагоды 47-х угодкаў 25-га Сакавіка

У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа. Усемагутны Божа, Ойча наш Нябесны! Мы, дзеці Твае, нізка схіляем свае галовы перад Табою, славім ласкавасьць Тваю, і прыносім Табе нашую глыбокую падзяку за ўсе багаславенствы, якімі Ты так шчодра абдарыў Амэрыку й яе народ.
Госпадзі, Спасе наш! Мы горача просім помачы Твае, каб дух мудрасьці, моцы й любові стала кіраваў любым Прэзыдэнтам Злучаных Штатаў Амэрыкі. Шчодра абдары Тваёю мудрасьцю й сілаю гэтую слаўную Установу — пашаны годны Сэнат Злучаных Штатаў Амэрыкі, гэтую цьвярдыню супакою, справядлівасьці й свабоды. Міласэрны Божа! Мы просім Ласкі Твае для душаў усіх нашых герояў-вояў, што ўпалі на полі бою, а таксама для нязьлічоных абаронцаў свабоды па ўсім сьвеце, супакой іх у Валадарстве вечнае Славы Твае ў Нябёсах.
Прадвечны Божа, Спасе наш! Мы горача молім Цябе сяньня: пашлі Тваю Боскую Ласку й апеку Беларускаму Народу, які 47 год таму абвесьціў Незалежнасьць свае Беларускае Народнае Рэспублікі, і які праз увесь гэты час не перастаў змагацца за сваё вызваленьне зь няволі бязбожных тыранаў, з цьвёрдаю надзеяй, пгто з Божай дапамогай і ён будзе цешыцца тою воляю й свабодай, якія зьяўляюцца асноваю жыцьця ў Злучаных Штатах Амэрыкі. Мы молімся сяньня, каб дабрадзействы свабоды, якія прыносіць дэмакратычны лад усяму вольнаму сьвету, паслужылі добрым прыкладам і заахвочаньнем Беларускаму Народу, бо надзея на вячыстую свабоду ня згасла сярод яго, але, як сьветач, гарыць у глыбінях ягоных сэрцаў зь непахіснаю навагаю стацца сябрам сям'і свабодных і Богу верных народаў усяго сьвету.
Мы хілім у пакоры галовы свае перад Табою, Божа й Спасе наш, і зь Вераю молім Цябе: прымі гэтую Малітву нашую, багаславі Злучаныя Штаты Амэрыкі й нашую Маці-Беларусь.
Няхай цудоўнае імя Тваё, Божа й Спасе наш, пануе й зьзяе ў сэрцах нашых, і будзе багаслаўленае цяпер і навекі. Амінь.


ПОМНІ...
ПРАЎДА — ЖЫЦЬЦЁ ВЕЧНАЕ

Перад намі Сьветлае Хрыстовае Уваскрасеньне. Радасьць вялікая для кожнага, хто мае ў сэрцы сваім як свой найдаражэйшы скарб Яго, Хрыста. Гэта Сьвята над Сьвятамі, якое выяўляе нам бязьмежную Любоў да нас Бога Айца й Сына Яго Ісуса Хрыста. Сьвята гэтае як у сваёй радасьці, так і ў навуцы для нас нявычэрпнае, як нявычэрпны для нас у Сваёй істоце Прадвечны Бог. Для нашага сэрца яно дае радасьць незямную, для нашага духа крыльлі да Нябёсаў, а для нашага розуму каштоўны дыямант пазнаньня надпрыроднага, адзіна рэальнага сьвету, Усемагутнага Бога.
Цяпер мы зьвернем вашую, пабожныя чытачы, увагу на некаторыя, вельмі важныя для нас мамэнты ў сувязі з Пілатам, які судзіў Хрыста. 3 аднаго боку Пілат, як рымскі арыстакрат і паганін, пытаецца ў Хрыста: „Што ёсьць Праўда?" (Іо. 18, 38), а з другога ўсклікае: „Вось ЧАЛАВЕК!" (Іо. 19, 5).
„Што ёсьць Праўда? " Зь якім пачуцьцём Пілат паставіў гэтае пытаньне Хрысту? Бязумоўна, з абыякавасьцю. Для яго, як Рымскага валадара ў Ерусаліме, праўдаю маглі быць толькі рымскія легіёны, грубая сіла. Для яго, як паганіна, праўдаю магло быць толькі тое, што ён бачыў, што рука магла зрабіць, загады асягнуць. Таму для яго Праўда Хрыстовая, або Ягонае Царства „не ад сьвету гэтага" былі толькі фантазіяй, уяваю. Ён тут пытаўся так, як бы распусьнік пытаўся: што ёсьць цнота? Або тыран: што ёсьць свабода?
„Вось ЧАЛАВЕК!" Гэта ўжо было нешта крыху іншае. Тут ён мог выявіць свае людзкія пачуцьці да Хрыста, Каторы ўжо быў абліты крывёю ад пабояў, а таксама, хоць больш інстыктыўна, пачуцьцё пашаны да Асобы Яго. Аднак, у гэтым ускліку многа болыны зьмест, чым Пілат навет думаў, або разумеў.
На пытаньне: Што ёсьць Праўда адказам ёсьць: Вось ЧАЛАВЕК! Усе паганскія рэлігіі, празь вякі, пераважна таксама шукалі адказу на пытаньне розуму й сэрца: Што ёсьць Праўда? I тут Пілат мог быць толькі прадстаўніком гэтых шуканьняў. Многія выдатныя філёзафы тых часоў імкнуліся знайсьці адказ на балючае людзкое пытаньне: хто можа знайсьці й паказаць нам запраўднага Бога? I тут адказ: Вось Чалавек! Ён паказвае нам Прадвечнага Бога!
Ён, Хрыстос, Сын Божы прыйшоў, каб мы ведалі, што чым Ён быў для малых і вялікіх: дзяцей, хворых, церпячых, блуднікаў, грэшнікаў і праведнікаў, для добрых і злых, тым Бог быў, ёсьць і будзе навекі. Ён адкрыў нам Бога як АЙЦА, чулага й усемагутнага, міласэрнага й справядлівага, Каторы ненавідзіць грэх, але любіць усіх, навет грэшнікаў. Вось так Хрыстос паказаў нам Бога! I гэта Ён толькі як Чалавек мог зрабіць.
Што ёсьць Праўда? Гэта значыць: хто адкрые нам тайну жыцьця? Хто адкажа нам на пытаньне: ШТО МЫ? Для чаго мы жывем тут на зямлі? Гэта пытаньні, над якімі ламалі й ламаюць галовы найболыпыя філёзафы. Гэта зьмест усякае філязофіі, і — надарэмны, бо ніякая людзкая філязофія адказу тут знайсьці й даць ня можа. Яна можа толькі памагчы вераючаму.
Толькі Ён, Хрыстос, вучыў і вучыць нас, што мы — прах зямны, фізычныя, матар'яльныя целы. Але целы асаблівыя, бо абдараныя, укаранаваныя каштоўнымі дыямантамі духа, розуму, душы. Таму, хоць жыцьцё нашае й мае свой пачатак у часе, але яно вышэй часу, бо не падлягае яму. I гэта Ён паказаў на Целе Сваім: Ён прыняў сьмерць, і гэтую сьмерць перамог, Уваскрос! Таму Ён уважаў асобу чалавека як нешта, што мае бясконцую вартасьць, і аддаў Сваё Жыцьцё за адкупленьне яе, зрабіўшы такім чынам чалавека сынам Божым: „А тым, што прынялі Яго, Ён даў сілу дзяцьмі Божымі стацца, тым, што веруюць у імя Яго" (Іо. 1, 12).
Таму, хто можа паказаць нам нашае цудоўнае прызначэньне? Адказ ёсьць: Вось Чалавек! I толькі Ён, Хрыстос, Сын Божы. Ён — спаўненьне людзкіх шуканьняў і спадзяваньняў. Ён — праяўленьне бязьмежнае Любові Божае да нас. Ён — праўдзівы сьветка Бога Жывога, бо Сам Бог. Ён Творца нашага цела, адначасна й нашае несьмяротнае душы, як іскры Духа Божага ў нас.
Ён прыйшоў на зямлю як Чалавек, каб паказаць людзям Бога, і ў нашым людзкім целе Уваскрос, каб такім чынам відавочна паказаць нам, што й нашыя целы ў свой час уваскрэснуць! Уваскрэснуць па слову Яго так, як уваскрос Лазар ды іншыя памершыя. Таму мы без найменшага сумлеву можам верыць кожнаму слову Яго.
I толькі Ён паказаў нам нашае прызначэньне. Якое? Прызначэньне для жыцьця радаснага й вечнага ў Нябёсах: ,,У доме Айца Майго многа сьвятліцаў. Каб гэта ня было так, Я сказаў бы вам, а цяпер іду прыгатаваць там месцы вам" (Іо. 14, 2).
Вось яно — цудоўнае прызначэньне нашае! Што-ж мы павінны рабіць дзеля гэтага? Тут Ён кажа нам, што нашым заданьнем на зямлі ёсьць ПАЗНАВАЦЬ і СЛАВІЦЬ Бога, Айца нашага Нябеснага. А гэта мы робім тады, калі злучаемся зь Ім шляхам Веры й добрых чынаў. Тады мы атрымоўваем ад Яго гэтую нагароду: Жыцьцё Вечнае па слову Яго: „Гэтае-ж жыцьцё вечнае ў тым, каб ПАЗНАЛІ Цябе, адзінага праўдзівага Бога ды Ісуса Хрыста, Каторага ты паслаў" (Іо. 17, 3).
I стаяў Хрыстос перад Пілатам як адзіная прадвечная Праўда, і Пілат не пазнаў Яе. Але ён прынамсі адчуваў, што перад ім ніякі злачынца, а нейкі асаблівы, нязвычайна годны Чалавек. Адсюль і словы яго: „Вось ЧАЛАВЕК! I Пілат стараўся звольніць Яго. Але, вось, не пагане, а веруючыя ў Адзінага Бога фарысеі й кніжнікі ня тількі не пазналі Яго, ня толькі ня бачылі й не адчувалі ў Ім годнага найвышэйшае пашаны Чалавека, а наадварот, усьцяж падбуралі цёмныя масы крычаць: Укрыжуй Яго!
Кожны з вас, дарагія чытачы, скажа: якая засьлепленасьць, злоба, якая адсутнасьць розуму! Але, але, праўда. Толькі няхай кожны падумае сабе: а я пазнаў? Ён вучыць нас: кожным чынам тваім праслаўляй Айца твайго Нябеснага. Стала імкніся да злучэньня зь Ім, і жыцьцё вечнае чакае на цябе. Але Ён таксама сказаў: Ніхто ня прыйдзе да Айца Майго іначай, як толькі празь Мяне. Але, празь Яго, Хрыста, Каторы аддаў Жыцьцё Сваё за нас: за мяне й за цябе. А болыпае любові няма на сьвеце.
А цяпер запытай сябе: а што-ж я раблю? Ці часам, а можа й вельмі часта, я таксама чынамі-грахамі сваімі не крычу: Укрыжуй Яго! Што-ж гэта? Засьлепленасьць, злоба, адсутнасьць розуму? Барані Божа, скажаш, я-ж веруючы хрысьціянін, як можна штось такое сказаць пра мяне? Я-ж прызнаю Хрыста за Сына Божага, я часам навет хаджу ў Царкву, а ўжо на болыпыя Сьвяты, на Коляды й Вялікдзень абавязкава. А што ў Вялікі Чацьвер ды ў Вялікую Пятніцу не прыйду да Яго, то гэта толькі таму, што ў мяне навала працы, клопатаў. Няхай ужо Хрыстос выбачыць мне. А што ўжо да таго, каб я выбачаў няпрыяцелям сваім, а навет жонцы, ці мужу, калі яны не пагаджаюцца са мною, або якую прыкрасьць мне зробяць, то як-жа іначай я навучу іх розуму, як ня войстрым словам, або...часам... рукою! Не такія цяпер часы: пачні толькі выбачаць усім, то й жыцьця табе ня будзе! Любіць усіх? За што? Што яны мне добрага зрабілі? Наадварот, толькі зайздросьцяць, шкодзяць мне, ня бачаць майго розуму, ня слухаюць мяне, а яшчэ кажуць, што яны хрысьціяне. Якія там хрысьціяне! Кажу вам — горшыя за паганаў!
Але, горшыя за паганаў! Горшыя Пілата ды тых фарысеяў і кніжнікаў! Бяда толькі ў тым, што калі ты так разважаеш, то й ты належыш да тых, што й цяпер крычаць: Укрыжуй Яго! Помні: Хрыстос навет на Крыжы маліўся: Ойча, выбач ім, бо яны ня ведаюць, што робяць! Таму Ён і нас вучыць: выбачай, стала выбачай, любі навет няпрыяцеляў тваіх, бо іначай у свой час Я скажу табе: Адыйдзі ад Мяне! Я цябе ня ведаю!
Што, цяжкая навука? Так, цяжкая, надта цяжкая, але толькі для таго, хто злое думае, хто ня мае Яго ў сэрцы сваім, хто ня любіць Яго. Хто-ж мае добрае сэрца й запраўды злучыўся зь Ім, любіць Яго як найболыпы скарб свой, для таго ўсякае выбачэньне — радасьць вялікая! Бо ён тады пэўны, што ня толькі словам, але й чынам выпаўняе Навуку Яго. Таму такі не глядзіць на ніякія клопаты свае, а кожнага Сьвята сьпяшыць да ног Яго ў сьв. Царкву, каб тут ня толькі парадаваць душу сваю, але й Ласкаю Яго ўзмоцніць дух свой для яшчэ лепшых, прыгажэйшых чынаў сваіх. I помні: такому яшчэ больш прыдасца, як сказаў Сам Хрыстос. Гэта значыць: такому Ён заўсёды паможа як добраму сыну Свайму, і для такога ўжо прыгатаваў месца ў Царстве Славы Свае навекі.
Таму помні аб гэтым асабліва цяпер перад Вялікоднымі Сьвятамі, і ў часе іх. Тады й пра цябе скажуць: вось добры чалавек! Тады й ты запраўды радасна ўсклікнеш: ХРЫСТОС УВАСКРОС! Уваскрос і для МЯНЕ, таму й я ўваскрэсну! Уваскрэсну да жыцьця радасьці нявымойнае й вечнае!

С. Клім


ХТО МОЖА ЗЬМЯСЬЦІЦЬ ...
(Працяг)

У нашых мінулых разважаньнях на гэтую тэму мы прыйшлі да выснаву, што мэтаю народаў і ўсяго чалавецтва павінна быць стварэньне Улады Духа, а гэта ёсьць: Жыцьцё у Хрысьце, для Хрыста, і праз Хрыста.
Улада Духа гэта Улада СУМЛЕНЬНЯ, як іскры Божае ў нас, як гармонія з Абсалютным Духам — Прамудрым і Усемагутным Богам, адзінаю крыніцаю нашае велічы, а гэтым і натхнёнае творчасьці, якая адзіна можа прынясьці й прынясе чалавеку бязьмежную радасьць, або іначай кажучы: „поўную радасьць", аб якой гаварыў Хрыстос Апосталам (Іо. 15, 11). Гэтая радасьць выпаліць усё зьвярынае ў людзях, бо ў такой радасьці чалавек ужо проста прыродна будзе рабіць усё толькі добрае й прыгожае.
Гэтая ўлада Сумленьня, як улада МАРАЛІ Хрыстовае, ня можа карыстацца ніякім прымусам, тым болей гвалтам, бо апошнія зьяўляюцца выразам духовае слабасьці, або зьвярыных інстынктаў. Прыгожым прыкладам тут ёсьць наш запраўдны Духовы Правадыр — Хрыстос. Ён поўнасьцю адмовіўся ад матар'яльнай сілы, бо, калі-б Ён карыстаўся ёю, то ня быў бы Духовым, Маральным Правадыром, Добрым Пастырам.
I гэта закон ня толькі для кожнага духова-маральнага пастыра, але й для кожнага запраўднага правадыра. Калі толькі ён адхіліцца ад гэтага закону, пачне карыстацца матар'яльнаю ўладаю, як асноваю свае сілы, то нямінуча страціць усё. Гэты закон важны й для суадносінаў між Царквою й Дзяржаваю. Разьвіцьцё чалавецтва пайшло ў тым кірунку, што Царква была аддзеленая ад Дзяржавы. I гэта добра, бо-ж гэта Установы рознага характару. Але, у гэтым аддзяленьні, дзеля духовае недасьпеласьці людзей, сталася вялікая бяда: ВЯРХОЎНАЮ ўладаю сталася дзяржава, а не Царква, як крыніца Сілы й жыцьцядайнага Духа Хрыстовага, а гэтым і асновы ўсяго нашага жыцьця. Дзяржавы, як вярхоўныя ўлады, былі зацікаўленыя ў першую чаргу ў матар'яльным дабрабыце сваіх грамадзян, у замацаваньні й пашырэньні базы свайго існаваньня, свае тэрыторыі, і гэтым спрычынілі дзьве галоўныя беды: чалавек упаў у матар'ялізм, стаўся чалавекам жывата, падобным да жывёлы. Бог, як наш Творца й Дабрачынца, Ягоны Дух, як аснова й сіла нашага духа, містэрыі, тайны Ягонага Провіду, Ягоная Свабода, як аснова нашае свабоды, дзейнасьці й велічы, словам, амаль усе надпрыродныя здольнасьці нашыя былі пакінутыя без увагі. 3 другога боку паўсталі войстрыя міждзяржаўныя канфлікты, ды згубныя войны, якія часам рабілі чалавека горшым за зьвера. За прыкладамі далёка хадзіць ня трэба. Ясна, такі чалавек, і такое чалавецтва доўга існаваць ня можа: загібель нямінучая. Тут ніякае матар'яльнае лякарства не паможа, тым болей не паможа ніякая атамная зброя. ТАКІ НАШ ЧАС.
Для чаго прыйшоў Хрыстос на зямлю? Ясна, у першую чаргу для таго, каб памерці за нашыя грахі. Але, калі-б Ён прыйшоў толькі дзеля гэтага, то дарэмная была-б Ягоная Ахвяра. Хрыстос дасканала ведаў людзкую прыроду. Ён ведаў, што калі чалавек застанецца й далей матар'ялістым, падобным да жывёлы-зьвера, то Ягоная Ахвяра не прынясе яму ніякае карысьці, тым болей, што шатан ня сьпіць. Каб гэтага ня сталася, каб чалавек перастаў быць Каінам і стаўся Авелям, Хрыстос зрабіў для нас яшчэ нешта іншае, нязвычайна важнае: Ён, як Чалавек, паказаў нам Боскае жыцьцё на зямлі, даў нам Сваю Навуку, сьв. Евангельля. Тут Ён паказаў нам, што Ён — нашае Сумленьне, нашая Праўда, наш Шлях. I будзем спадзявацца й верыць, што жахі сучаснага матар'ялізму прымусяць людзей зрабіць рашучы чын: прыняць Яго, Хрыста, як аснову ўсяго нашага жыцьця. Гэта адзіны ратунак цяпер.
I гэта дасканала ведае шатан, як крыніца зла. Таму ён асабліва цяпер распачаў страшную атаку супраць Хрыста. I, нажаль, мае посьпехі. Безьліч кнігаў, брашураў, каштоўных фільмаў, а дзе можна, то й фізычны тэрор, ілжа, абман, подкуп як хвалі морскія разьліваюцца цяпер па ЎСІМ сьвеце, абы толькі чалавека духова зламаць, здэмаралізаваць, ад Хрыста адвянуць ці зьвясьці яго да стану жывёлы, бяздушнае машыны, лічбы, безгаловага стада.
Таму найвышейшы час для рашучае дзэйнасьці ўсіх тых, што ня толькі словам, але й чынам адкідаюць дэмаралізацыю, бязбожжа, ды гатовых пайсьці на змаганьне за Хрыста й Праўду Яго. На змаганьне за Чалавека-Духа супраць чалавека-зьвера пад правадырствам СЫНА БОЖАГА, Хрыста, на аснове Ягонае дасканалае Боскае Любові. На змаганьне, якое прыймае чалавека як вобраз і падобу Божую, здольнага тварыць толькі дабро, узмацняць свае духовыя здольнасьці, на аснове Маралі Хрыстовае, прынцыпам якое ёсьць Свабода Божая. На змаганьне, якое прызнае над сабою толькі адну ўладу, ўладу дасканалага Чалавека й Бога — Хрыста. На змаганьне за жыцьцё на зямлі, якое поўнасьцю згоднае з Воляю Яго й Ягоным сьв. Евангельлям.
Гэтае змаганьне кажа: усякія пастановы зямных урадаў, якія ня згодныя з Воляю Хрыстоваю й Ягонаю Навукаю, ня толькі шкодныя, але й згубныя для ўсіх народаў, для ўсяго чалавецтва, таму зь імі неабходна змагацца па прыкладу прарокаў. Бо толькі той урад працуе для агульнага дабра, які ўважае сябе слугою Валадара Неба й зямлі — Хрыста, і не ўваходзіць у ніякія кампрамісы з ворагамі Яго, бо яны вядуць толькі да загібелі.
I тут не паможа ніякае „вялікае грамадзтва" пэўнае вялікае краіны. Чаму? Таму, што яно можа прывясьці пры сучаснай дэмаралізацыі толькі да аднаго: да сучаснага багатага й раскошнага Бабілёну, які таксама ў свой час пачуе голас ЗВЫШ: Я — адзіны Валадар, і хто будуе безь Мяне, будуе дарэмна, бо на пяску! Чуеш ? Так гаворыць Гасподзь!
Вось жа, ніякае „вялікае грамадзтва", а вялікая колькасьць змагароў Хрыстовых, асабліва-ж такіх урадаў, а ў першую чаргу Цэркваў Хрыстовых, можа цяпер уратаваць чалавецтва, бо тады ім паможа Той, Каторы й цяпер цуды чыніць, Хрыстос. I зьдзейсьняцца словы Яго: прыйдзе Ягонае Царства Божае на зямлю так, як Ён запаведаў нам маліцца за яго. Прыйдзе як дабро, радасьць і шчасьце для ўсіх. Бо дабро й шчасьце нашае там, дзе няма ніякага прымусу, зьдзеку, гвалту, а дзе супакой, радасьць і свабода ў Духу Сьвятым, а гэта й ёсьць Царства Божае па слову Хрыстоваму. Няхай станецца!

(Далей будзе)

С. К.


СЛУЖЭНЬНЕ НАРОДУ
(Працяг)

Мінулыя нашыя разважаньні на гэтую тэму мы закончылі пытаньнем: Як мы можам паслужыць свайму народу? Гэтае пытаньне мае два галоўныя мамэнты: служэньне свайму народу, як такому, у сэнсе нацыянальным, і служэньне яму ў сэнсе агульналюдзкім. Першы мамэнт вужэйшы: гэта ў асноўным справа рэлігійнага, эканамічнага й культурнага характару, а другі шырэйшы, бо ён абыймае ня толькі ўсе гэтыя праблемы, але й праблемы гарманійнага сужыцьця народаў-дзяржаваў, іхнае агульнае ідэалёгіі, а гэта ўжо пераважна рэлігійна-філязофскае пытаньне.
Пра важнасьць гэтага пытаньня, як служэньня свайму народу, так і будучыні ўсяго чалавецтва гавораць нам падзеі нашае сучаснасьці: нядаўнія страшныя ваенныя падзеі, і цяперашняя пагроза ўсяму сьвету. Першы мамэнт вучыць нас: расейскія, польскія, нямецкія ды іншыя кіруючыя эліты, як інтэлігенцыя, так і частка духавенства шчыра й аддана служылі сваім народам, ня толькі жадалі, але й працавалі для іх „дабра", „славы" й „велічы", а што-ж сталася? Як ведаем, гэтае іхнае служэньне прынясло толькі бяду й гора ня толькі іхным народам, але й многім іншым, у тым ліку й нашаму Беларускаму Народу. Другі мамэнт ужо ясна кажа нам: усё чалавецтва ужо стаіць над краем бездані. Вось жа, як ранейшыя, так і цяперашнія падзеі на сьвеце кажуць нам: усё гэтае служэньне сваім народам было фалыпывае, шкоднае. Чаму? Дзе мы знойдзем адказ на гэтае жыцьцёвае пытаньне?
Толькі там, дзе яго можна знайсьці: у сьв. Пісаньні, а не ў фальшывых людзкіх мудраваньнях, якія так катастрафальна праявіліся ў мудраваньнях французкіх філёзафаў на чале з Вольтэрам і Дыдро. Яны здэтранізавалі кіруючую сілу нашага жыцьця, дабра й шчасьця — БОГА, і замест Яго пасадзілі на трон ЧАЛАВЕКА. А ўжо да поўнае катастрофы давялі гэтае сучаснае пакланеньне ідалам розныя марксы.
Паглядзім жа, што тут кажа нам Стары Запавет. Тут мы маем нязвычайнага духовага волата — Майсея. Гэта дзякуючы яму, ягоны народ ня толькі не загінуў, як многія другія, праз тысячагодзьдзі, але й цяпер існуе, ды ўжо будуе сваё дзяржаўнае жыцьцё. Восьжа, кожны скажа: як же добра Майсей служыў свайму народу! Толькі ЯК ён служыў яму? Можа ён стала выпаўняў жаданьні ягоныя, ці можа якія ІНШЫЯ?
Паслухаем, што тут кажа нам сьв. Пісаньне. „I сказаў Бог Майсею: Я пабачыў пакуты народу Майго ў Эгіпце, і пастанавіў вызваліць яго зь няволі. Таму йдзі, і выпаўні волю МАЮ" (Вых. 3, 7-8, 10). I даў Бог Майсею вялікую сілу, але плягі на эгіпцян паслаў Ён, а не Майсей, перавёў іх праз мора Ён, а не Майсей, і паслаў ім манну Ён, а не Майсей. I выпаўняў Майсей Волю Яго, Бога, а не свайго народу.
Болып таго! Калі Майсей зыйшоў з гары Сінай з Скрыжалямі й пабачыў, што народ яго пакланяецца залатому ідалу, як жа гэта „мадэрна" гучыць!, то вось што ён учыніў: „I зрабілі сыны Левія па слову Майсея, і ўпала ў той дзень з народу яго каля трох тысяч чалавек" (Вых. 32, 28). Незразумела? Незразумела толькі для таго, хто ўважае, што Майсей служыў перадусім свайму народу на свой час. Не, ён служыў у першую чаргу Богу, а гэтым і народу свайму да веку, таму й мусіў гэта зрабіць, бо іначай гнеў Божы ўпаў бы на яго й народ ягоны, і ён перастаў бы наагул існаваць, зьнік бы з паверхні зямлі. Вось жа, гэты было, хоць і балючае, і вельмі горкае, але адзінае лякарства для народу. I толькі адзін раз пасьля Майсей зграшыў: паслухаў народу, выпаўніў волю ЯГО: паслаў 12 разьведчыкаў у зямлю Абяцаную, і за гэты свой грэх быў пакараны Богам: не ўвайшоў туды. Мы толькі можам дагадвацца, як горка плакаў Майсей над гэтаю слабасьцю сваёю! Плакаў і гаварыў свайму народу: „Сяньня я даю табе багаславенства, або пракляцьце. Багаславенства, калі ты будзеш служыць Госпаду Богу твайму, а пракляцьце, калі пачнеш грашыць, служыць сабе й чужым багам, ідалам" (Другаз. 11, 27-28).
Падобна гаварылі пасьля й вялікія прарокі. Так напрыклад, Давід кажа: „Ты, Госпадзі, пакажаш мне дарогу жыцьця. Толькі з Табою мая радасьць і раскоша" (Пс. 16, 11). Ды: „Калі не Гасподзь будуе дом, дарэмныя стараньні будаўнікоў. Калі не Гасподь места пілнуе, дарэмна вартуе старожа" (Пс. 127, 1). А Саламон кажа: „Шчасьлівы, кажа Гасподзь, хто знайшоў Мяне, бо ён знайшоў жыцьцё" (Прыт. 8, 35). А прарок Ерамія стала дакараў свайму народу: „Бо два злыя ўчункі зрабіў Гасподзь: Мяне, як крыніцу Жывое Вады ты пакінуў, і зрабіў сабе вадаёмы разьбітыя" (Ер. 2, 13). „Бо, запраўды, як жана падступна здраджае мужа свайго, так ты, народзе, кажа Гасподзь, зрабіў са Мною" (Ер. 3, 20). „Але хто хваліцца, хваліся тым, што ведаеш Мяне, і разумееш, што Я — Гасподзь, Каторы чыніць міласьць, суд і праўду на зямлі" (Ер. 9, 24).
„Госпадзі! Сіла і моц мая, і прыпынак мой! Да Цябе прыйдуць народы й скажуць: толькі ілжою былі багатыя айцы нашыя" (Ер. 16, 19). Але асабліва войстра дакараў Ерамія свайму народу за фальшывыя шляхі яго, калі казаў: „I, вось, уся зямля гэтая станецца пустыняю, і народы гэтыя будуць служыць цару Бабілёнскаму 70 год" (25, 11). А як рэагаваў народ на гэтае служэньне яму Ераміі? Аб гэтым сьв. Шсаньне кажа так: „Тады схапілі яго, і сказалі яму: ты павінен сьмерці" (Ер. 26, 8). Запраўды, Ерамія доўгія гады пакутаваў у вязьніцы, а прарока Ісайю за такое самае служэньне народу перапілавалі дзеравянаю пілою, а многіх іншых прарокаў укаменявалі. Тое самае было й прычынаю сьмерці Ісуса Хрыста.
Чаму? Ці ўсе гэтыя прарокі, а навет і Хрыстос, ня былі патрыётамі, не любілі свой народ? Не стараліся служыць яму? Наадварот, яны часта горка плакалі над доляю свайго народу: ,,0, хто дасьць ваду галаве маёй, і вачам маім крыніцу сьлёзаў, каб я дзень і ноч плакаў над апаганенымі дочкамі майго народу", усклікаў Ерамія (9, 1). Больш таго, гэта ня былі звычайныя людзі, бо іх пасылаў Сам Бог, каб яны ня толькі перадавалі народу Волю Яго, але й моцна дакаралі народу гэтаму за ягоныя ламаньні Закону. I яны перадавалі, дакаралі, перасьцерагалі ад імя Божага. Яны стала прыпаміналі народу свайму, што толькі тады, калі ён будзе выпаўняць Волю Бога, СЛУЖЫЦЬ ЯМУ, ён будзе свабодны, радасны й шчасьлівы.
Так гаворыць нам аб Служэньні Народу Стары Запавет. Наступным разам паглядзім, што гаворыць аб гэтым Новы Запавет.


ГРЭЦКАЯ ПРАВАСЛАЎНАЯ ЦАРКВА

Беларусы прынялі Хрысьціянства — Праваславіе з Грэцыі. Уплыў грэкаў на Царкоўнае жыцьцё Вялікае Літвы працягнуўся аж да 16-га стагодзьдзя. Варта таму ведаць, як выглядае сучасная Царква ў Грэцыі.
Грэцкая Аўтакефальная Царква (ня пішуць „Праваслаўная" таму, што там іншае няма) мае цяпер 67 Епархіяў. У гэтым 34 з часоў да 1840 г., і 33 на землях, далучаных да Грэцыі пасьля 1-ае Сусьветнае Вайны. Апошнія яшчэ да нядаўна належалі да Канстантынопальскага Патрыарха, але кіраваліся Афінскім Сынодам.
Кіруе Царквою Сьвяшчэнны Сынод з 12-ці япіскапаў пад старшынствам Архіяпіскапа Афінскага. Кожны епархіяльны япіскап пачарзе служыць адзін год у Сьв. Сынодзе й тады прабывае ў Афінах. Гэта прыблізна адбываецца што 5 год. У Сынодзе знаходзяцца прадстаўнікі дзяржавы, ураду й караля з правам рашаючага голасу.
Шматлікія грэцкія епархіі маюць даўнія назовы мітрапаліяў. Традыцыя назову й прастаровага падзелу епархіяў і цяпер забавязвае. У асноўным епархія абыймае ад 60 да 200 парафіяў ды мае каля 20 тысячаў вернікаў. Усяго ў Грэцыі было ў 1940 г. 7.090.192 праваслаўных, і 51.851 іншых хрысьціян, пераважна евангелікаў-сэктантаў, творам грэцкіх місіянэраў з Амэрыкі.
Параўнальна вялікая колькасьць парафіяў ды епархіяў у малой Грэцыі зьяўляецца вынікам мясцовых, гарыстых, абставінаў. Грэкі здаўна трымаюцца незалежнасьці кожнага селішча. У кожнай вёсцы ёсьць свой сьвяшчэньнік, царква, школа, хоць там усяго 50-100 жыхароў. У свой час Апосталамі зарганізаваныя Цэрквы ў кожным мястэчку ператварыліся ў Епархіі.
Важнаю справаю ёсьць таксама царкоўная абычайнасьць. У Грэцыі поўныя сьвятарскія правы мае толькі япіскап. Шмат сьвяшчэньнікаў маюць толькі права багаслужбы й трэбаў, але ня пропаведзі, ці спавяданьня. Тады як права пропаведзі маюць многія сьвецкія людзі — багасловы. Таму япіскап мусіць часта наведваць свае парафіі. Абычаем ёсьць, каб ён там быў у дзень Храмавага Сьвята, або ўдзень мясцовага мучаніка. А мучанікаў гэтых туркі, праз 500 год свайго панаваньня прыспорылі вельмі многа.
Туркі ўважалі япіскапаў за правадыроў насельніцтва. Таму грэцкае духавенства прызвычаілася таксама й да палітычнае дзейнасьці. I няма дзіва, што паўстаньне за Незалежнасьць падняў япіскап Патрыйскі. I ў сучаснай Грэцыі часта прэм'ерамі былі япіскапы, а на абтоку Кіпр і цяпер навет Прэзыдэнтам зьяўляецца Глава Царкзы — архіяп. Макарыос.
Асьвета грэцкага духавенства была нізкая. Япіскапы вучыліся ў манастырох у часе манаства. Вясковыя сьвяшчэньнікі рукапалагаліся з парахвіянаў, якія ад дзяцінства прызвычаіліся да багаслужбаў у роднай мове. Першыя духоўныя школы паўсталі ўжо ў незалежнай Грэцыі. Найстарэйшая Духоўная Сэмінарыя ў Афінах сьвяткуе цяпер свой 150-цігадовы Юбілей. Усе іншыя існуюць толькі 40-50 год. Ёсьць дзьве Духоўныя Акадэміі: у Афінах і Салоніках. Апошняя была зарганізаваная толькі некалькі год таму.
Манаства было там раней моцна пашыранае: было збудавана многа манастыроў. Цяпер яны ў заняпадзе, многія ўжо апусьцелі. Навет многія манастыры на Афоне ўжо засталіся без манахаў.
Цяпер шырыцца ў Грэцыі новая форма манаства. Гэта багаслоўскія й місійныя згуртаваньні. Яны пашыраюць й узмацняюць Веру насельніцтва словам і прыкладам. Яны пасьвячаюць сябе на службу Веры, застаючыся вонкі манастыроў. Некаторыя зь іх духаўнікі, і яны перасылаюцца з парафіі ў парафію, дзе толькі ёсьць патрэба належнага ўзьдзеяньня на душы вернікаў.
Яшчэ больш грэкі здабываюць навуку багасловія як пабочнае поле дзеяньня пры іншай спэцыяльнасьці. Таму там ёсьць шмат лекароў-багасловаў, інжынераў-багасловаў і г. д. Некаторыя зь іх працуюць болып на ніве Царквы, як у сваёй заработкавай прафэсіі. Напрыклад: духоўныя часапісы выдаюць там пераважна людзі сьвецкія. Абедзьвія Акадэміі маюць амаль выключна сьвецкіх прафэсараў ува ўсіх галінах навучаньня.
Усё грэцкае духавенства атрымоўвае дзяржаўную плату. Але плата гэтая вельмі нізкая, бо прыраўнаная да коштаў пражыцьця манаха. Таму усе вясковыя сьвяшчэньнікі мусяць памагаць сабе ў жыцьці таксама іншаю працаю: земляробствам, рамесьніцтвам і г. д. Вернікі плацяць за трэбы вельмі мала, бо, асабліва ў вёсках, людзі жывуць вельмі бедна.
Царкоўна грэкі стараюцца быць поўнасьцю незалежнымі, і адносіны іх да іншых, навет грэцкіх, цэркваў пераважна абыякавыя. Пагатоў гэтыя адносіны абыякавыя да нягрэцкіх праваслаўных цэркваў, а ўжо зусім непрыхільныя да каталіцкіх. Гэтае апошняе тлумачыцца тым, што ў часе Крыжовых паходаў каталіцкія „франкі" зьдзекаваліся над грэкамі горш за мусульманскіх арабаў ці туркаў.
Стагодзьдзі паняволеньня ды матар'яльная бяда прывучылі грэкаў выкарыстоўваць для сябе ўсякія магчымасьці. Адсюль паходзіць і іхнае „прыяцельства" да ўсякае, але багатае Масквы. I гэта
магчыма зьявіцца прычынаю зьмены іхнага становішча й да сучаснага Рыму. Гэтым таксама тлумачыцца й „палітыка" архіяп. Макарыоса на Кіпры.

Віктар Войтэнка


ХРОНІКА


НЮ-ЁРК. Запраўды кажу вам: Хто прыймае таго, каго Я пашлю, Мяне прыймае, а хто Мяне прыймае, прыймае Паслаўшага Мяне, сказаў Хрыстос вучням Сваім. I вось так Ён паслаў Уладыку Васілія й а. Юрыя пры абходзе з Крашчэнскаю вадою ў дамы нашых прыхажан, і так яны прыймалі Самога Хрыста, а гэтым і Айца нашага Нябеснага. Спасіцель наш прыняў Хрышчэньне, каб распачаць збаўленную для нас Місію Сваю: даць Сваё багаславенства ўсім людзям. I гэтае Сваё багаславенства Ён даваў нашым прыхажанам пры абходзе з Крашчэнскаю вадою. Усе радаваліся, дзякавалі Госпаду Міласэрнаму й нашаму Духавенству ды тым, што памагалі пры гэтым: Спадаром Я. Казьлякоўскаму, М. Тулейцы, Б. Данілюку, Я. Ніхаёнку, А. Міцкевічу й Сп-ні Дударэвіч.
Ясна, нашыя пабожныя прыхажане дзякавалі за малітвы й асьвячаньне сваіх дамоў ня толькі словам, але й чынам: сваімі шчодрымі ахвярамі, якія добра ўзмацнілі нашую Царкоўную Касу. Слава на вышынях Богу, нашай сьв. БАПЦаркве, Духавенству Яе, а таксама нашым прыхажанам.

САКАВІКОВЫЯ ЎРАЧЫСТАСЬЦІ У НЮ-ЁРКУ. Дзякуючы Ласцы Божай ды стараньням нашых патрыётаў, і сёлета гэтыя ўрачыстасьці распачаліся выданьнем Праклямацыяў Губэрнатарамі Штатаў Ню-Ёрк і Ню-Джэрзі, і мэра Ню-Ёрку аб тым, што Дзень 25-га Сакавіка зьяўляецца Днём Беларускага Народу. Далейшым радасным для нас мамэнтам было прачытаньне Малітвы за Амэрыку й Беларусь Уладыкаю Васіліем у Сэнаце Злучаных Штатаў Амэрыкі.
Чытаньне Малітвы ў Сэнаце ЗША за Амэрыку й Беларусь ужо сталася ў нас добрай традыцыяй. Але сёлета новы кіраўнік Сэнату: Віцэ-Прэзыдэнт Г. Гамфры. Ягоныя папярэднікі: Р. Ніксан і цяперашні Прэзыдэнт Л. Джансон заўсёды вельмі ветліва прыймалі нашую дэлегацыю й фатаграфаваліся разам зь ёю. Таму паўстала пытаньне: а ці новы Віцэ-Прэзыдэнт будзе да нашае дэлегацыі такі самы ветлівы й тое самае зробіць?
Пытаньне важнае, і нашая дэлегацыя крыху непакоілася. Але, горача дзякуем Богу! Усё прайшло нязвычайна радасна для нас. I новы Віцэ-Прэзыдэнт ЗША, дастойны Г. Гамфры, пайшоў за прыкладам сваіх слаўных папярэднікаў, а дзе ў чым зрабіў яшчэ больш для нас. Запраўды, новы Віцэ-Прэзыдэнт ЗША нязвычайна мілы, сардэчны й гасьцінны чалавек, ды можна сказаць, наш прыяцель, што мы ніжэй і пабачым.
Мы ўжо маем у Сэнаце ЗША выдатных нашых .прыяцеляў. А гэта ня толькі наш сэнатар зь Ню-Ёрку, дастойны Дж. Джэвіц, але й лідар дэмакратаў у Сэнаце, дастойны Мэнсфілд, лідар рэспубліканцаў, дастойны Дірксан, і Пастар Сэнату, дастойны др. Ф. Гарысс. Усе яны вельмі міла спаткалі нашую дэлегацыю, асабліва-ж ведамага ім ужо Уладыку Васілія. Але ў гэты дзень, 15-га сакавіка, у Сэнаце разьбіралася важнае пытаньне: падрыхтоўка да выступу Прэзыдэнта зь ягоным словам ў справе правоў нэграў.
А 12-ай гадзіне распачалася Сэсія Сэнату. Віцэ-Прэзыдэнт прывёў Уладыку Васілія на сваю трыбуну й абвесьціў, што зараз Яго Высокапрэасьвяшчэнства Уладыка Васілі, Архіепіскап БАПЦарквы ў Амэрыцы, прачытае Малітву з нагоды Дня Незалежнасьці Беларусі. I Уладыка натхнёна й урачыста прачытаў яе. Віцэ-Прэзыдэнт прыгожа падзякаваў яму, і зараз-жа многія сэнатары акружылі яго, дзякавалі яму за прыгожую Малітву ды жадалі Беларускаму Народу хутчэйшага вызваленьня зь бязбожнае няволі.
Але ўжо распачаліся дыскусіі ў Сэнаце. Амаль усе сэнатары прыймалі ўдзел у іх, у тым ліку й сэнатар Джэвіц, які на пачатку свае прамовы прыгожа зьвярнуў увагу Сэнату на 47-ыя Угодкі Абвешчаньня Незалежнасьці Беларусі. Тымчасам Віцэ-Прэзыдэнт устаў з свае трыбуны й паклікаў Уладыку Васілія да свайго кабінэту, дзе некалькі хвілін размаўляў зь ім ды сфатаграфаваўся разам зь ім. Тады Уладыка зьвярнуў ягоную ўвагу на тое, што ў кабінэце няма сэнатараў і сяброў нашае дэлегацыі. На гэта Віцэ-Прэзыдэнт весела сказаў: о, зараз будуць! I запраўды, па слову яго зараз-жа зьявіліся ўспомненыя намі сэнатары, пастыр і сябры нашае дэлегацыі, і было зроблена некалькі супольных фатаграфіяў.
I ня гледзячы на важныя справы ў Сэнаце, як сам Віцэ-Прэзыдэнт, так і сэнатары працягам некалькіх хвілін ветліва размаўлялі з нашай дэлегацыяй, пераважна пра Беларусь, за што нашая дэлегацыя горача падзякавала ім. Так быў зроблены яшчэ адзін прыгожы чын для дабра Беларусі.
У нашай дэлегацыі акрамя Уладыкі Васілія былі Спадары: М. Тулейка, Ф. Бартуль і Праф. Б. Кіт. Нажаль, дзеля немагчымасьці пакінуць працу ня змог быць разам Сп. Д. Клінцэвіч, чаго мы вельмі шкадуем.

УРАЧЫСТАЯ СЛУЖБА БОЖАЯ. Яе адправіў ўладыка Васілі ў асысьце а. Юрыя 21-га Сакавіка. Яна была запраўды ўрачыстая. Ужо многія даведаліся, што Уладыка Васілі прачытаў Малітву за Амэрыку й Беларусь у Сэнаце ЗША, і быў вельмі ветліва прыняты разам з усімі нашымі дэлегатамі новым Віцэ-Прэзыдэнтам, а таксама выдатнымі сэнатарамі. Таму яны з радасьцю пасьпяшалі як зь Ню-йрку, так і ваколіцаў яго, а таксама зь Ню-Брансьвіку, у ліку звыш дзьвёх сотняў, у свой Кафедральны Сабор аддаць хвалу й падзяку Госпаду Богу за Ягоную Ласку да нас. Вельмі прыгожа пяяў наш узмоцнены іншымі сьпявакамі Царкоўны Хор пад кіравецтвам Сп. А. Каптуровіча.
Натхненьне ўсіх вернікаў было вялікае. Гэта быў гімн удзячных Беларускіх сэрцаў, які любым Госпаду фіміамам узносіўся да Прастолу Яго ў Нябёсах, як любая Яму ахвяра ўсяго нашага шматпакутнага Народу. I гэтым натхненьнем, падзякаю й хвалою Усявышняму была й пропаведзь Уладыкі Васілія на тэму: Вера горы перастаўляе, у якой ён, між іншым, сказаў: Вялікаю радасьцю нашаю ёсьць тое, што ўжо многія выдатныя мужы вольнага сьвету прызнаюць Незалежнасьць Беларусі, што мы й цяпер маліліся за Яе ў Сэнаце магутнае Амэрыкі, але галоўная нашая радасьць у тым, што як Акт 25-га Сакавіка, так і канчатковая нашая перамога, а гэтым і Свабода Беларусі зьяўляюцца выразам Волі Божае! Як нашыя слаўныя будаўнікі векапомнага Акту 25-га Сакавіка пераставілі гару няволі нашае сілаю Веры свае, так і нашая Вера цяпер нямінуча пераставіць гару апошняе бязбожнае няволі нашае! Так, мы пераможам, бо: 3 НАМІ ВОГ! Служба Божая закончылася Малебнам за Беларусь, Многалецьцямі, і нашым царкоўным гімнам „Магутны Божа".
Мы горача дзякуем Богу, што ўсе нашыя суродзічы былі на Службах Божых разам. Нажаль, далей сталася іначай: адбыліся дзьве асобныя Акадэміі. Будзем верыць, маліцца, і прыложым усе стараньні й добрую волю, узмоцнім узаемную любоў, каб гэта болын не паўтарылася.

СЬВЕЖАЯ МАГІЛКА
Нажаль, мы йзноў перажылі сумную падзею: 19-га лютага адыйшоў ад нас у вечнасьць наш паважаны брат, сьв. п. Аляксандар КАПТУРОВІЧ.
Заўпакойную Ліцію адслужыў Уладыка Васілі ў асысьце а. Юрыя, а Чын адпавяньня й паховінаў Уладыка правёў сам. Уладыка Васілі сказаў прыгожае слова пасьля Ліціі, на якую, акрамя сваякоў і блізкіх, сабралася значная грамада нашых вернікаў, ды выказаў глыбокае спаўчуцьцё жонцы пакойнага ды ягонаму сыну, нашаму рэгенту Сп. А. Каптуровічу й ягонай Спадарыні. Пасьля паховінаў адбылася памінальная трапеза ў доме Спадарства Каптуровічаў.
Сьв. п. Аляксандар Каптуровіч быў багаслаўлены Богам доўгім векам: пражыў каля 90 год. Многа ён перажыў гора й бяды ад бязбожнікаў. Ня суджана было яму злажыць свае косьці на роднай зямельцы. Няхай жа будзе яму пухам амэрыканская зямля.
ВЕЧНАЯ ЯМУ ПАМЯЦЬ!


Высокапрэасьвяшчэньнейшых Уладыкаў нашых, Архіепіскапаў СЕРГІЯ й ВАСІЛІЯ, Высокапрэпадобных Архімандрытаў, Мітрафорных Пратаіерэяў, Пратаіерэяў, Прэпадобных Айцоў, дастойных Рэгентаў і Харыстых, Хвальныя Царкоўныя Рады, Брацтвы й Сястрыцтвы, дзяржаўныя, навуковыя й грамадзкія Установы, усіх вернікаў сьв. БАПЦарквы, чытачоў „Царкоўнага Голасу", і ўвесь наш Вялікі Беларускі Народ сардэчна вітаем з радасным Вялікаднем: ХРЫСТОС УВАСКРОС!

ЕПАРХІЯЛЬНАЯ УПРАВА БАПЦ АМЭРЫКІ Й КАНАДЫ.
 

БЕЛ     ENG